Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 2000 г.


Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

(эфір 16 кастрычніка)
15-га кастрычніка ў Ню-Ёрку адбыўся беларускі фэстываль з нагоды 50-ці годзьдзя заснаваньня першай Беларускай аўтакефальнай царквы ў ЗША – Сьвятога Кірылы Тураўскага…

Фэстываль праходзіў у Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык-авэню ў Брукліне.

Першую службу Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы тут, менавіта ў Брукліне, тады ў так званай "беларускай хатцы" правёў айцец Хведар Данілюк. Адбылося гэта ўвосень 1950 году.

Урачыстасьці пачаліся сьвятою літургіяй. Пасьля актывісты парафіяльнай рады Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага былі ўшанаваныя граматамі. Урачыстую частку працягнулі выступы сьведкаў заснаваньня Беларускй праваслаўнай аўтакефаліі ў Амэрыцы.

Спадар Барыс Данілюк заўважыў, што за 50 год існаваньня сябры парафіі шмат перажылі цяжкасьцяў, было шмат непаразуменьняў, але сёньняшняя сытуацыя ў Царкве, на думку Данілюка, дае падставы спадзявацца, што наступныя 50 год будуць больш прадуктыўнымі.

Выступаючы перад прысутнымі старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня сп. Антон Шукелойць заўважыў, што часта, калі краіна акупаваная ці ня мае паўнавартаснай незалежнасьці, менавіта нацыянальная эміграцыя зьяўляецца прадстаўніком краіны ў вольным сьвеце.

Так, у Беларусі зараз няма й сваёй аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яе беларусы маюць у ЗША.

Узгадваючы гісторыю заснаваньня Беларускай аўтакефальнай царквы ў Амэрыцы, спадар Шукилойць падкрэсліў важнасьць гэтай падзеі для аб"яднаньня і падтрымкі духовае моцы эмігрантаў зь Беларусі і ў тыя часы, і цяпер.

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага сёньня сапраўды стала месцам, дзе могуць атрымаць першую дапамогу эмігранты. Пра гэта сказаў у сваім выступе ад імя "новых" эмігрантаў Юрка Васілеўскі.

З пачаткам у 1996 годзе так званай "новай" хвалі беларускай эміграцыі ў ЗША пры Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага быў утвораны эміграцыйны адзьдзел. Ён дапамагаў і дапамагае новапрыбылым зарыентавацца ў новых умовах жыцьця.

Дарэчы, зараз, на фэстывалі, сярод прысутных складалі новыя эмігранты. Сьвяточная частка працягнулася канцэртам. Выступалі беларускія выканаўцы і кампазытары. Для гасьцей сьпявалі Валянціна Пархоменка, Вольга і Алесь Казакі, Аляксандар Балотнік, Ларыса Пакроўная, Уладзімір Гудкоўскі і Яўген Магаліф.

Частаваліся госьці фэстывалю беларускімі стравамі. Гэткія пачастункі сталі ўжо добраю традыцыяй у Царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага. Арганізатарам імпрэзы прагучала шмат падзякаў. Таксама прагучалі пажаданьні праводзіць падобныя беларускія фэстывалі і нават тады, калі яны ня будуць прымеркаваныя да нейкіх падзеяў. Такія мерапрыемствы прыцягваюць увагу амэрыканцаў і прадстаўнікоў мясцовых амэрыканскіх уладаў да Беларусі.

XS
SM
MD
LG