Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юлія Чыгір заявіла сёньня ў апошнім слове на судзе, што не шкадуе пра свой учынак і ня лічыць сябе вінаватай. Прысуд жонцы экс-прэм'ера будзе агалошаны ў пятніцу, 20 кастрычніка.

Сёньня, у перадапошні дзень працэсу, жонцы былога прэм'ера Беларусі Юліі Чыгір суд даў апошняе слова. Спадарыня Чыгір заявіла, што не зьбіраецца каяцца й прасіць суд пра літасьць. "Вы падзялілі людзей на рабоў ды іх уладальнікаў, першым няможна нічога, а другім дазволена ўсё, і вы абараняеце гэты парадак, а не закон", — заявіла Юлія Чыгір на адрэсу пракурора Любові Гаркушы, якая падтрымала абвінавачаньне сьледчых і папрасіла ад суда пакараньне Юліі Чыгір ў выглядзе трох гадоў умоўнага зьняволеньня.

"Спадзяюся, суд, прымаючы рашэньне, не пераблытае час, у якім мы жывем, як гэта зрабіла пракурор", — завершыла свой выступ Юлія Чыгір. Яе апошняе слова, дарэчы, было сустрэта авацыяй залі. А калі шум сьцішыўся, судзьдзя Іна Ўгнівенка абвесьціла, што цяпер суд сыходзіць у дарадчы пакой і выйдзе адтуль не раней чым а 12-й гадзіне заўтрашняга дня. Такім чынам, на прыняцьце рашэньня суд адвёў сабе цэлы дзень. Многа гэта ці мала?

Абаронца Юліі Чыгір, вядомы адвакат Гары Паганяйла перакананы, што, улічваючы нескладанасьць справы й характар абвінавачваньня, судзям хапіла б некалькі гадзінаў, каб усё ўзважыць і вызначыцца:

"Сёньня, вядома, магчыма было прыняць гэтае рашэньне, бо справа ж зусім не складаная. Навошта гэтыя шматлікія перапынкі ў працэсе? Усё гэта, відаць, неабходна дзеля таго, каб з кімсьці ўзгадніць усе пазыцыі наконт прысуду. Такое ўжо неаднаразова было", — лічыць абаронца Гары Паганяйла.

Юлія Чыгір заявіла журналістам недзяржаўных выданьняў (а прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ на працэсе ня бачна), што не баіцца ніякага пакараньня — у тым ліку й турмы. Да ўмоўнага тэрміну яна ставіцца як і да сапраўднага — лічыць яго спробаю абмежаваць ейную свабоду. Юлія Чыгір перакананая, што й пры ўмоўным пакараньні ня спыніць сваю палітычную барацьбу. Але перасьлед яе з боку ўладаў яна зьвязвае і з палітычнай дзейнасьцю мужа, экс-прэм'ера Міхала Чыгіра.

(Чыгір: ) "Я думаю, што перасьледуюць усю нашую сям'ю, у першую чаргу, Міхаіла, і ўлады добра разумеюць і ведаюць, што ў яго палітычнай дзейнасьці я знаходжуся побач зь ім, я зьяўляюся дарадчыкам, я дапамагаю яму ў гэтым, і таму каб нанесьці нейкі ўдар і па ім, і каб мяне паставіць на месца, на тое месца, якое мне адводзяць улады – на кухні, у ваннай, мыць посуд, праць шкарпэткі. А я пасягаю на лідэрства, прэтэндую на тое, каб быць вядомай, на актыўную ролю".

Казала Юлія Чыгір, прысуд якой будзе абвешчаны заўтра. Нагадаем, максімальна ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі, але пракурор прасіла суд абмежавацца ўмоўным пакараньнем на тэрмін 3 гады.

XS
SM
MD
LG