Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Як паразу Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў ацанілі вынікі выбараў у гэтак званую Палату прадстоўнікоў удзельнікі сёньняшняга паседжаньня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня адзначылі, што беларускія ўлады ня выканалі ніводнае з чатырох добра вядомых умоваў, якія ўсясьветная супольнасьць лічыць абавязковымі для прызнаньня выбараў дэмакратычнымі й справядлівымі. Рэжым Лукашэнкі ўжо ня мае тае падтрымкі жыхароў краіны, што была раней — пра гэта красамоўна сьведчаць сапраўдныя, а не сфальшаваныя вынікі выбараў.

У адмысловай заяве, якая была прынятая пад час паседжаньня, самым галоўным, на думку Анатоля Лябедзькі, які старшыняваў сёньня, зьяўляецца наступнае:

(Лябедзька: ) "Самае галоўнае, што прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі заяўляе, што палата прадстаўнікоў не зьяўляецца паўнамоцным легітымным парлямэнтам, выбраным народам Беларусі, і заклікае ўрад Беларусі пачаць канструктыўны перамоўны працэс з мэтай рэалізацыі на практыцы ўмоваў, якія забясьпечаць правядзеньне свабодных, дэмакратычных прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама заклікае міжнародную супольнасьць, парлямэнты сьвету паважаць волю большасьці грамадзянаў Беларусі, якія адверглі выбарчы фарс, і не прызнаваць легітымнасьць структуры, не абранай народам і, фактычна, прызначаную беларускім рэжымам".

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

Сёньня Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету таксама вырашыў узяць на сябе ініцыятыву правесьці круглы стол, на якім прапануецца публічна абмеркаваць падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў.

А як адрэагавалі сябры Прэзыдыюму на прапанову старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, каб Вярхоўны Савет, як адзіны легітымны заканадаўчы й прадстаўнічы ворган, неадкладна распачаў фармаваньне Часовага ўраду нацыянальнага даверу? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Анатоль Лябедзька…

(Лябедзька: ) "Ініцыятывы і наогул заява Сямёна Шарэцкага былі прынятыя да ведама, але без прыняцьця нейкіх канкрэтных кадравых рашэньняў. Па настроі членаў прэзыдыюма мне падаецца, што гэтае пытаньне яшчэ не высьпела, і ўсё ж такі арыентацыя прэзыдыюма Вярхоўгнага Савета на тое, каб зараз узнавіць, актывізаваць дзейнасьць Вярхоўнага Савета. Ужо ў лістападзе адбудзецца першае паседжаньне Вярхоўнага Савету. І ўсё такі скіраванасьць на падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў".

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

У цяперашні склад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ўваходзяць людзі, якія выступалі за байкот выбараў. Гэта, напрыклад, Мечыслаў Гіруць, Сямён Домаш, Анатоль Лябедзька… З другога боку, ёсьць і прыхільнікі ўдзелу ў выбарчай кампаніі, як, напрыклад, Станіслаў Багданкевіч або Сяргей Калякін. Аднак на сёньняшняім паседжаньні пра розныя падыходы амаль не ўзгадвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG