Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 2000 г.


Сёньня прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ выпусьціла адмысловую заяву ў справе выбараў у краінах АБСЭ. Мы таксама атрымалі тэкст прамовы прадстаўніка ЗША ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Джорджа Ўорда на канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні, якая адбываецца ў Варшаве, у якой ён закрануў сытуацыю ў Беларусі.

У прамове, у прыватнастьці, згадаваюцца апошнія падзеі ў Югаславіі й выказваецца надзея на тое, што новы ўрад там будзе дзейнічаць з павагай да вяршэнства закону і дэмакратычных ідэалаў ды асабістых правоў чалавека.

"У адрозьненьне ад Югаславіі, – гаворыцца далей у тэксьце ліста, –
улады Беларусі працягваюць дзейнічаць далёка не ў кірунку дэмакратыі і вяршэнства закону, парушаючы забавязаньні АБСЭ.
Парлямэнцкія выбары ў нядзелю адбыліся ў атмасфэры страху. Беларускія ўлады не дасягнулі аніякага прагрэсу у справе выкананьня чатырох крытэрыяў, прынятых канфэрэнцыяй АБСЭ у якасьці ўмовы для міжнароднага назіраньня за выбарамі. Гэта павага да правоў чалавека і спыненьне запалохваньня; доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў; дэмакратычнае выбарчае закандаўства і наданьне рэальнай улады новаму парлямэнту.

Замест гэтага цягам апошніх месяцаў перад выбарамі рэжым Аляксандра Лукашэнкі вёў кампанію перасьледу супраць дэмакратычнай апазыцыі і незалежных мэдыяў. Гэта выявілася і ў адсутнасьці прагрэсу ў пошуках некалькіх вядомых зьніклых палітыкаў, у тым ліку Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама журналіста Зьміцера Завадзкага".

Сёньня ж прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ выпусьціла адмысловую заяву ў справе выбараў у краінах Арганізацыі.

У заяве адзначаецца, што апошнім часам выбары ў чатырох краінах выклікалі найбольшую занепакоенасьць ураду ЗША. Гэта выбары ў Беларусі, Азэрбайджане і Кыргызтане, а таксама летась – у Казахстане.
Урад Лукашэнкі пастаянна парушаў чатыры умовы, выпрацаваныя тройкай, – гаворыцца ў дакумэнце. Без выкананьня гэтых умоваў галасаваньне ў Беларусі ня можа быць законным альбо дэмакратычным.

XS
SM
MD
LG