Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Распачаўся візыт у Менск місіі Міжнароднай арганізацыі працы. Прадстаўнікі гэтае ўплывовае структуры зьбіраюцца азнаёміцца ў Беларусі з канфліктам уладаў і прафсаюзаў.

Місія Міжнароднай арганізацыі працы, якую ўзначальвае намесьнік генэральнага дырэктара Кары Тапіола, мае намер сустрэцца ў Менску з прадстаўнікамі і прафсаюзаў, і ўладаў. Вось што паведаміў нашаму радыё галоўны спэцыяліст у пытаннях працоўных гэтай міжнароднай арганізацыі Франк Хофэр:

"Мы як Міжнародная арганізацыя працы назіралі за зьездамі галіновых прафсаюзаў, зьездам Фэдэрацыі. Ад прафсаюзаў мы атрымалі шмат інфармацыі пра складанасьці й праблемы ў сувязі з умяшаньнем дзяржавы ў іхную дзейнасьць. Усё гэта будзе прадметам абмеркаваньня місіі на чале са спадаром Тапіолам. Мэта місіі — атрыманьне дадатковай інфармацыі для камітэту ў справе свабоды асацыяцыяў, паседжаньне якой адбудзецца паводле вынікаў місіі. Яна ж будзе прымаць рашэньне з нагоды скаргі беларускіх прафсаюзаў", — зазначыў Франк Хофэр.

Місія Міжнароднай арганізацыі працы зьбіраецца высьветліць, ці ёсьць прагрэс ва ўзаемадачыненьнях уладаў і прафсаюзаў. Паколькі скарга ў гэтую арганізацыю была накіраваная ад імя абодвух прафсаюзных цэнтраў краіны, дык місія плянуе сустрэцца як з прадстаўнікамі Фэдэрацыі, гэтак і дэмакратычных прафсаюзаў.

Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікола Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Рахункі не разблякаваныя, рахункі кіраўніцтва справамі, якое забясьпечвае дзейнасьць і нашых службаў, і ўтрыманьня самога будынку, і сам рахунак фэдэрацыі прафсаюзаў. Пакуль што вядзецца праца, рыхтуюцца выніковыя акты падатковых інспэкцыяў, якіх да гэтага часу не было ў нас, а рахункі ўжо закрылі. Вядзем перамовы, але пакуль што канчатковага выніку няма".

— паведаміў прадстаўнік Фэдэрацыі Мікола Беланоўскі.

А вось як цяперашнія стасункі ўладаў і прафсаюзаў характарызуе віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук:

"Улады аніякіх для сябе высноваў не зрабілі. Сытуацыя не зьмянілася, нягледзячы на тое, што Лукашэнка даваў абяццаньні міжнароднай супольнасьці ўсталяваць на пэрыяд выбарчае кампаніі клімат даверу. Замест гэтага ўлады працягвалі ігнараваць рэгістрацыю прафсаюзных суполак. На прадпрыемствах перасьледавалі нашых актывістаў. Адным словам, працягваўся наступ на правы працоўных, перасьлед рабочых за тое, што яны аб'ядноўваліся ў прафсаюзы, няўгодныя ўладам", — зазначыў Уладзімер Макарчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG