Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 кастрычнiка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

У Менску адбыўся 10-ты зьезд Саюзу журналістаў Беларусі. Дэлегаты зноў пераабралі старшынём Саюзу Леаніда Екеля і выказалі свае прапановы й прэтэнзіі да дзяржаўных ворганаў.

Сёньня ў Саюзе журналістаў каля 2,5 тысячаў сяброў. Варта адзначыць, што яшчэ ў пачатку 90-х гэтая адзіная на той момант журналісцкая арганізацыя мела ў два разы большую колькасьць. Пры гэтым нельга сказаць, што журналісты актыўна пачалі пакідаць Саюз і ўступаць у альтэрнатыўную Беларускую Асацыяцыю журналістаў, якая налічвае ўжо звыш 700 сябраў. Проста ў Саюз журналістаў перастала ўступаць моладзь, а старыя кадры адыходзяць з жыцьця. Гэтая тэндэнцыя была асабліва выразна выяўленая сёньня на зьезьдзе, дзе сярод 98-мі дэлегатаў я ня ўбачыў аніводнага маладога, хаця б да 30-ці гадоў, твару.

Зрэшты, заклапочанасьці гэтым фактам не гучала ў выступах дэлегатаў зьезду, які праходзіў у нядаўна ўзьведзеным будынку Саюзу журналістаў. На першы плян для дэлегатаў выйшлі эканамічныя і сацыяльныя пытаньні, а таксама праблема супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі.

Трэба сказаць, што дзяржава была прадстаўленая на зьезьдзе на самым высокім узроўні. Па-першае, віншаваньне ўдзельнікам накіраваў Аляксандар Лукашэнка, а ў залі зьезду прысутнічалі й выступалі Ўладзімер Замяталін і Міхал Дзямчук. Яшчэ адзін прадстаўнік улады, намесьнік міністра адукацыі Алег Слука, былы дэкан факультэту журналістыкі прысутнічаў на зьезьдзе ў якасьці дэлегата, бо зьяўляецца сакратаром Саюзу журналістаў.

Я спытаў у спадара Слукі, зь якое прычыны дзяржава менавіта апошнія месяцы надае асаблівую ўвагу дзяржаўнай прэсе?

(Слука: ) "Сёньня ў дакладзе нашага старшыні Саюзу журналістаў боло сказана, што як разьдзяліць дзяржаўную і недзяржаўную прэсу? Такога дзяленьня няма. Яно можа быць маральна-палітычнае, а слова дзяржаўнае падзяліць нельга, і дзяржаўная, і недзяржаўная прэса працуе ў адной дзяржаве. Канчатковая мэта – разьвіцьцё эканомікі, разьвіцьцё культуры, разьвіцьцё нашай дзяржаўнасьці ў той і ў іншай прэсы аднолькавыя. Яны ідуць да гэтага рознымі шляхамі, і я думаю, што вельмі хутка наступіць той час, калі гэтае паняцьце зьнікне. Яно штучна прыдуманае".

Цяжка дакладна зразумець, што меў на ўвазе спадар Слука — ці то незалежныя выданьні павінны зьнікнуць, ці то дзяржаўная прэса неўзабаве адамрэ… Адметна, што праз некалькі хвілінаў у сваім выступе на зьезьдзе падобную думку паўтарыў і Ўладзімер Ядранцаў, кіраўнік Беларускага радыё. Ён заявіў, што ў Беларусі няма недзяржаўных выданьняў — дзяржаўнымі зьяўляюцца ўсе тыя, якія працуюць на тэрыторыі краіны. "Мы — найпершыя памочнікі кіраўніцтва нашае дзяржавы", — пераконваў зьезд Ядранцаў. Зазначу, што на зьезьдзе не было аніводнага выступу прадстаўнікоў недзяржаўнае прэсы…

Аднак дэлегатаў з рэгіёнаў непакоілі больш надзённыя праблемы — падаткі з ганарараў, умовы працы, велічыня фінансавых датацыяў. З найбольшай крытыкаю выступалі рэдактары раённых газэтаў. Напрыклад, рэдактарка "Свіслацкай газеты" скардзілася — "як можна нашым творчым калектывам (дзе два інваліды, тры пэнсіянэры, а астатнія — жанчыны) нарыхтаваць тону сена?". Зрэшты, іншы дэлегат прапанаваў, каб супрацоўнікам СМІ быў нададзены статус дзяржаўнага службоўцы і адпаведныя, прадугледжаныя законам, ільготы. Тады ўжо журналістам, напэўна, ня прыйдзецца займацца сенанарыхтоўкамі.

XS
SM
MD
LG