Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 кастрычнiка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня магілеўскія чыноўнікі праводзілі ў адстаўку старшыню магілеўскага аблвыканкаму Міхаіла Дражына. Абавязкі кіраўніка вобласьці будзе выконваць першы намесьнік Дражына Дзьмітры Сівіцкі.

Міхаіл Дражын кіраваў Магілеўскай вобласьцю крыху больш за паўтары гады і зараз, паводле яго словаў, вырашыў ня быць тормазам для разьвіцьця рэгіёну. Дражын спаслаўся на стан здароўя і вялікія патрабаваньні кіраўніцтва краіны. Гэта было названа мужным рашэньнем, тым больш, як заўважыў віцэ-прэм'ер Аляксандар Папкоў, наступны год абяцае быць больш складаным, чым сёлетні за кошт выбараў прэзыдэнта.

Наступнік Дражына 53-гадовы Дзьмітры Сівіцкі прайшоў шлях ад дырэктара бабруйскай аўтабазы да намесьніка міністра транспарту і старшыні магілеўскага гарвыканкаму, якім ён станавіўся некалькі разоў. З прыходам Дражына стаў яго першым намесьнікам. Сівіцкі лічыцца ў вобласьці адным з самых уладных, жорсткіх і амбіцыйных кіраўнікоў.

Ужо другі раз у гэтым месяцы адстаўкі на Магілеўшчыне адбываюцца няпярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі. У Бабруйску яго сустракаў выканаўца абавязкаў кіраўніка гораду. Тое ж самае адбудзецца і на анступным тыдні, калі плянуецца наведваньне Лукашэнкам сельскіх раёнаў вобласьці.

Каб стаць старшынём выканкаму Сівіцкаму трэба будзе бездакорна правесьці другі тур выбараў у "палату прадстаўнікоў". Віцэ-прэм'ер Папкоў ад імя Лукашэнкі выказаў падзяку усім, хто так сумленна і адказна падыйшоў да арганізацыі другога туру. Папкоў заклікаў успомніць старыя традыцыйныя мэтады, каб забясьпечыць у Магілеве, Бабруйску і Горках яўку выбаршчыкаў.

Дзеля яўкі выбаршчыкаў у гарадах, дзе насельніцтва, паводле незалежных назіральнікаў, ігнаруе выбары, і лічбы ў першым туры відавочна нацягваліся, выбарчыя ўчасткі павінны будуць працаваць не да 20, а да 22 гадзінаў.

XS
SM
MD
LG