Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 кастрычнiка 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 17 кастрычніка)
ЗША і краіны Эўразьвязу заявілі, што выбары ў Беларусі не адпавядалі мінімальным патрабаваньням дэмакратычнасьці. У той жа час, паводле інфармацыі прэсавай службы кіраўніка Беларусі, прэзыдэнт Расеі ў тэлефонай размове павіншаваў Лукашэнку з правядзеньнем "свабодных і справядлівых выбараў" праз некалькі гадзінаў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Рэакцыю Крамля пракамэнтаваў у інтэрвію нашаму карэспандэнту Юрыю Дракахрусту дырэктар расейскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі.

Чаму рэакцыя расейскага лідэра была такой імклівай і катэгарычнай? На думку майго расейскага суразмоўцы, палітоляга Андрэя Піянткоўскага гэта было зроблена сьвядома.

(Піянткоўскі: ) "Масква зараз любіць дэманстратыўна падкрэсьліваць адрозьненьні сваіх палітычных ацэнак самых розных падзеяў ад ацэнак ЗША і Эўропы. Масква на акцэнтаваньне такіх адрозьненьняў ідзе сьвядома і з задавальненьнем. Гэта нібыта замацоўвае яе ва ўяўленьні, што яна адыгрывае ролю дзяржавы, якая, як гаворыцца ў нашай зьнешнепалітычнай дактрыне, "супрацьстаіць канцэпцыі аднапалярнага сьвету". Тут проста адыгрываюць ролю палітычныя інстынкты. Лукашэнка для нашай палітычнай эліты – "сацыяльна блізкі". Так жа, як ёй "сацыяльна блізкім" быў Мілошавіч, і застаюцца блізкімі Кім Чан Ір, Садам Гусэйн, Кадафі".

Андрэй Піянткоўскі лічыць, што яшчэ адной прычынай, паводле якой Расея працягвае падтрымліваць любые дзеяньні Лукашэнкі, – гэта палітычная эвалюцыя, што адбываецца ў самой Расеі.

(Піянткоўскі: ) "З другога боку мы назіраем істотнае збліжэньне палітычнай атмасфэры ў Расеі і ў Беларусі. Зараз самыя папулярныя словы ў расейскім палітычным слоўніку – гэта "адміністрацыйная вэртыкаль", "кіруемая дэмакратыя". Беларускі лідэр зусім справядліва неаднаразова падкрэсьліваў, што гэтыя канцэпцыі ўзятыя з беларускага палітычнага досьведу. Можна прыгадаць і магчымае адраджэньне ў Расеі савецкай сымболікі, якая актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі. Усё гэта гаворыць пра збліжэньне палітычнай ментальнасьці і расейскай, і беларускай уладных элітаў".

Але разам з гэтым збліжэньнем у беларуска-расейскіх адносінах назіраюцца і іншыя тэндэнцыі. На мінулым тыдні Лукашэнка распавёў пра сваю размову з Пуціным, што адбылася падчас нядаўняга саміту краінаў –сябраў дамовы пра калектыўную бясьпеку ў Бішкеку. Пуцін ва ультыматыўнай форме запатрабаваў ад Беларусі ўплаты запазычанасьці за газ і размова, паводле расповяду Лукашэнкі, вялася бакамі на падвышаных танах. Дарэчы, калі сьпікер Дзярждумы Расеі Селязьнёў ухваліў беларускія выбары публічна, то пра ўхвалу выбараў з боку Крамля вядома толькі са словаў прэсавага сакратара Лукашэнкі. Няма пакуль і афіцыйнай рэакцыі расейскага МЗС. Хутчэй за ўсё, гэтая паўза – сыгнал кіраўніку Беларусі, што ў ягонай сытуацыі размаўляць з Пуціным на падвышаных танах ня варта. Як і пасьля рэфэрэндуму 1996 году падтрымка з боку Расеі супраць усяго сьвету – гэта сурь'ёзная паслуга, якую Лукашэнку давядзецца аплочваць ці як мінімум менш прасіць ў Масквы. Вось меркаваньне расейскага палітоляга Андрэя Піянткоўскага.

(Піянткоўскі: ) "Лукашэнка зразумее, што зусім ужо бессаромна эксплюатаваць расейскі бюджэт яму будзе небясьпечна. Калі ён будзе працягваць гэтую лінію надта нахабна, то Масква можа і задумацца, ці варта ёй і далей быць "палітычным дахам" для Лукашэнкі".

Лічыць дырэктар расейскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі.

Падчас тэлефанаваньня ў Менск 15 кастрычніка Пуцін запрасіў Лукашэнку прыехаць у Сочы 19 кастрычніка і сустрэцца зь ім. Гэтае запрашэньне, дарэчы, пацьвярджае і расейскі бок. Час расплочвацца за падтрымку надыходзіць значна раней, чым гэта, магчыма, хацелася б кіраўніку Беларусі.

XS
SM
MD
LG