Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 кастрычнiка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Выбары ў "Палату прадстаўнікоў" не адбыліся — да такое высновы прыйшла незалежная Каардынацыйная рада ў справе назіраньня за выбарамі. Назіральнікі абскарджваюць яўку выбаршчыкаў больш чым у 15 акругах ды працягваюць зьбіраць і сыстэматызаваць матэрыялы.

З пачатку выбарчае кампаніі ад імя Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі працавала больш як 5 з паловаю тысячаў кваліфікаваных назіральнікаў. Яны зафіксавалі звыш пяці тысячаў парушэньняў заканадаўства, што дае падставу прызнаць такія выбары несапраўднымі, а іхныя вынікі заказнымі й сфальшаванымі.

На думку кіраўніка гэтае незалежнае назіральнае струтуры Мечыслава Грыба, базу для масавых фальшаваньняў дало дрэннае заканадаўства, фармаваньне аднабаковых праўрадавых выбарчых камісіяў, незаконьнасць прызначэньня ЦВК і ейнае старшыні, непасрэднае кіраваньне ўладамі працаю ўсіх выбарчых камісіяў.

Самыя грубыя парушэньні, на думку Мечыслава Грыба, былі зробленыя пад ціскам уладаў і датычыліся завышэньня яўкі выбаршчыкаў. Паводле словаў Мечыслава Грыба, назіральнікі будуць аспрэчваць яўку выбаршчыкаў у васьмі менскіх акругах, а таксама ў Салігорску, Наваполацку, Полацку, Рагачову, Воршы, Магілеву ды іншых гарадох.

Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Нельга лічыць, што выбары адбыліся, калі людзей прымушалі ісьці на выбары, калі робіцца фасьсыфікацыя вынікаў гэтых выбараў, калі ёсьць розныя парушэньні. Прычым, такіх парушэньняў, як зьмяншэньне колькасьці выбаршчыкаў, ды ня неяк, а ў два разы! Было 2700 і 1300 прапала…Кажуць памёрлі яны, зьехалі".

Мечыслаў Грыб канстатуе, што на справе выбары не адбыліся ў Менску, Берасьці, Віцебску, Магілеве, Бабруйску, Воршы, Полацку ды іншых буйных гарадох. Такім чынам, "Палата прадстаўнікоў" законна ня можа сабраць неабходны для паседжаньняў кворум. Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Такім чынам, будзе менш за дзьве траціны, "палатка" сабрацца ня можа і ня можа працаваць. А будзе яна працаваць, ня будзе – сапраўды, толку ніякага з гэтага няма".

Цяпер вынікі назіраньня абагульняюцца й перадаюцца ў акруговыя камісіі, Цэнтральную выбарчую камісію, пракуратуру, паколькі фальшаваньне вынікаў выбараў зьяўляецца крымінальным злачынствам. Каардынатар у справе назіраньня за выбарамі ў Менску Ала Шведава склала наступны "рэйтынг" найбольш масавых парушэньняў:

(Шведава: ) "На першым месцы па парушэньнях зьмяншэньне колькасьці выбаршчыкаў, на другім – маніпуляцыя з бюлетэнем ці няправільны парадак падліку (кожная скрыня павінна падлічвацца асобна), на трэцім месцы – непрад'яўленьне пратаколу для копіі назіральніку, на чацьвертым – недапушчэньне назіральнікаў да падліку галасоў і немагчымасьць імі пацьвердзіць гэтыя фальсыфікацыі".

Усяго, паводле словаў кіраўніка Рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў Уладзімера Гудзеева, назіральнікі дакумэнтальна зафіксавалі больш як 80 розных тыпаў парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Такім чынам, перамога на выбарах уладзе дасталася шляхам ціску й падману. Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Улады на гэтых выбарах атрымалі вельмі яскравы ўрок – у іх зараз аўтарытэту няма. Як бы яны сёньня не выходзілі, як бы яны сёньня не крычалі, як бы яны не сьвяткавалі перамогу, але гэтая перамога пірава. Вышэйшыя ўлады разумеюць, што гэта зь іхнага ўдзелу, з іх згоды зробленыя такія вынікі, а заўтра яны могуць людзей і не прымусіць, бо заўтра невядома хто будзе ўзначальваць дзяржаву".

Адзначыў Мечыслаў Грыб.

Ён не выключае, што цяпер, рэальна ведаючы пра адсутнасьць патрэбнае падтрымкі ў грамадзтве, рэжым Лукашэнкі можа пайсьці на далейшы ўціск і сілавыя мэтады ўзьдзеяньня на апазыцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG