Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк пачаў збор подпісаў сярод сяброў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яны неабходныя беларускаму парлямэнтару дзеля таго, каб уключыць у парадак дня чарговае сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пытаньне пра вотум недаверу намесьніку старшыні гэтай міжнароднай арганізацыі — кіраўніку расейскае Дзяржаўнае думы Генадзю Селязьнёву.

У адпаведнасьці з правілам 18 Статута Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, на парадак дня сэсіі можна ўключыць дадатковае пытаньне толькі пры ўмове, што ініцыятар зьбярэ ня менш 15 подпісаў сяброў Асамблеі, якія прадстаўляюць ня менш чым тры краіны. Уладзімер Нісьцюк упэўнены, што гэтую ўмову яму выканаць будзе проста. Падобна, што ён мае рацыю, паколькі цяпер ў Парлямэнцкую асамблею ўваходзяць 317 дэпутатаў, якія прадстаўляюць 54 краіны.

Падставаю для такога ўчынку стаў адзін з фрагмэнтаў прамовы Генадзя Селязьнёва на зьезьдзе дэпутатаў Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь у Менску. Тады сьпікер расейскае Дзяржаўнае думы, які зьяўляецца таксама адным зь дзевяцёх намесьнікаў старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына сказаў літаральна наступнае: «Расейскай дэлегацыі заўсёды бывае сорамна на тых жа парлямэнцкіх асамблеях АБСЭ, калі аб'яўляюць і даюць слова прадстаўніку Беларусі. Выходзіць, у сутнасьці справы, самазванец з прозьвішчам Нісьцюк, які пачынае граміць сваю краіну…».

Уладзімер Нісьцюк гэтым пасажам вельмі абураны. У сваім лісьце, які беларускі дэпутат, карыстаючыся з нагоды знаходжаньня спадара Севярына ў Менску, перадаў яму непасрэдна ў рукі, ён нагадвае, што, паколькі беларускі парлямэнт у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ афіцыйна прадстаўляе легітымная дэлегацыя Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, сябрам якой ён зьяўляецца, дык у адпаведнасьці з правілам 3 Правілаў працэдуры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, ён мае афіцыйны статус сябры Парлямэнцкай асамблеі.

Вось як камэнтуе гэтую сытуацыю для нашага радыё дэпутат Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Праз два месяцы пасьля рэфэрэндуму ў Вену на Паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі прыбылі дзьве дэлегацыі – дэлегацыя Вярхоўнага Савету і дэлегацыя "палаты прадстаўнікоў". І вось тады першы раз была створаная мандатная камісія з трох намесьнікаў старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якія прынялі рашэньне і вынесьлі яго на зацьверджаньне Пастаяннаму камітэту пакінуць у якасьці легітымнай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Вярхоўны Савету 13-га скліканьня. І мы засталіся легітымнай дэлегацыяй. У гэтай якасьці мы ўдзельнічалі ва ўсіх сэсіях апошніх чатырох гадоў і ў Варшаве ў 97-м годзе, і ў Капенгагене ў 98-м, і ў Санкт-Пецярбургу ў 99-м, і ў 2000-м у Бухарэсьце. Другі раз пытаньне аб легітымнасьці нашай дэлегацыі "палата прадстаўнікоў" вынесла ўжо на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў 98-м годзе ў Капэнгагене. І тады зноў было прынятае рашэньне мандатнай камісіі пакінуць ўсё ж легітымнай дэлегацыю Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Гэтае рашэньне прынятае на ўзроўні Пастаяннага камітэта Парлямэнцкай асамблеі. І таму, калі дэпутат Селязьнёў заявіў пра тое, што Нісьцюк самазванец, усім стала зразумела, што ён абразіў ня толькі Нісьцюка, які абсалютна легітымна ўдзельнічае ў працы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, але і Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, якая такое рашэньне прыняла".

Гэта быў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, сябра Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк.

Беларускі дэпутат лічыць, што Генадзь Селязьнёў нанес яму грубую зьнявагу, якая прынізіла ягоны гонар, годнасьць і спраўную рэпутацыю. А таму спадар Нісьцюк паінфармаваў кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і ў тым, што ім распачата працэдура прад'яўленьня Селязьнёву судовага пазову ў судзе па месцы жыхарства сьпікера расейскае Дзяржаўнае думы.

У заключэньні свайго ліста Нісьцюк просіць спадара Севярына паінфармаваць пра непрыстойныя паводзіны Селязьнёва кіраўніцтва і ўсе дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG