Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Тэма беларускіх выбараў працягвае шырока абмяркоўвацца на старонках міжнароднага друку.

Брытанская Financial Times у артыкуле пад загалоўкам "Фарс у Менску" сёньня піша: "Кожны мае ўласнае ўяўленьне пра дэмакратыю. Так, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін павіншаваў свайго суседа прэзыдэнта Лукашэнку з правядзеньнем свабодных і дэмакратычных выбараў у парлямэнт. Пра гэта паведамляе прэс-офіс прэзыдэнта ў Менску. Але Арганізацыя Бясьпекі і Cупрацоўніцтва ў Эўропе, якая паслала групу тэхнічных назіральнікаў на выбары, заявіла, што для правядзеньня свабодных, справядлівых, адкрытых і падсправаздачных выбараў не было створана мінімальных умоваў".

"Прэзыдэнт Лукашэнка кіруе сваёй краінай, – працягвае газэта, — пры дапамозе надзвычайнай сумесі старога камуністычнага мысьленьня, своеасаблівых падыходаў да палітыкі і карупцыі. З часу падзеньня Слабадана Мілошавіча ён застаецца адзіным сапраўдным дыктатарам у Эўропе, які ніколькі не пасаромлены абвінавачаньнямі ў падтасоўцы бюлетэняў і парушэньнях".

Згадваючы тое, што Лукашэнка робіць стаўку на аб'яднаньне з Расеяй, Financial Times заўважае, што Пуцін ня надта ідзе яму насустрач, і ў сувязі з гэтым, заключае газэта, Пуціну было б варта двойчы падумаць і параіцца, перш чым адзначыць у свайго суседа павагу да дэмакратыі.

Газэта Wall Street Journal прыводзіць словы Анатоля Лябедзькі, які лічыць, што ў адрозьненьне ад афіцыйных дадзеных пра 60 працэнтаў удзелу ў выбарах, яўка, паводле падлікаў апазыцыі, склала толькі 45 працэнтаў, а ў вялікіх гарадах яшчэ менш. Газэта таксама прыводзіць сьведчаньні Андрэя Саньнікава і Алеся Бяляцкага, якія гавораць пра парушэньні.

Газэта Boston Globe назвала свой артыкул "Абодва бакі абвяшчаюць пра сваю перамогу ў Беларусі". Аўтар будуе свой матэрыял на супастаўленьні афіцыйных і апазыцыйных заяваў. Так, як адзначае Boston Globe, побач са сьцьвярджэньнем камэнтатара Аляксандра Зімоўскага, што кампанія байкоту правалілася, лідэр БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што гэтае галасаваньне было першай стадыяй прэзыдэнцкіх выбараў, і мы выйгралі. Вячорка выказаў таксама надзею, што ў 2001-м годзе Беларусь будзе без Лукашэнкі.

"Вельмі сумнеўныя выбары ў Беларусі", – так называецца артыкул, зьмешчаны ў сёньняшнім нумары французкай Liberacion. Газэта паведамляе, што эўрапейскія назіральнікі не прымаюць таго, якім чынам былі заарганізаваныя парлямэнцкія выбары і адзначае: "У Беларусі заканадаўцы толькі і робяць, што прайграюць. Лукашэнка разьлічваў на гэтае галасаваньне, каб легітымізаваць парлямэнт – першы, які абіраецца ад часу ягонай канстытуцыйнай рэформы 96-га году – і пакласьці канец міжнароднай ізаляцыі сваёй краіны. Але ён пайшоў кепскім шляхам. "Эўрапейская тройка " прызнала, што выбары не адпавядалі нормам дэмакратычнага галасаваньня".

Між тым, як дапускае ірляндзская Іrish Times, калі б апазыцыйныя палітыкі і партыі і выйгралі большасьць месцаў у парлямэнт, нічога б не зьмянілася, таму што спадар Лукашэнка добра паклапаціўся пра тое, каб улада парлямэнту была чыста умоўнай, і каб усе палітычныя рашэньні прымаліся ім асабіста як прэзыдэнтам, заключае Irish Times.

Значнае месца займае тэма беларускіх выбараў і ў нямецкамоўным друку. Так, швэйцарская Neue Zuercher Zeiting у артыкуле пад загалоўкам "АБСЭ крытыкуе беларускія выбары" адзначае, што ўдзел у іх быў значана меншы, чым спадзяваліся ўлады.

Нямецкая Frankfurter Rundshau лічыць, што палітычныя санкцыі Эўропы супраць Беларусі застануцца. Газэта спасылаецца на меркаваньне прадстаўніка эўрапейскай парлямэнцкай тройкі Адрыяна Севярына, які лічыць, што нармалізацыя дачыненьняў зь Беларусьсю ня можа быць праведзеная зараз.

Аўстрыйская Die Presse прыводзіць меркаваньне некаторых назіральнікаў, якія лічаць, што парушэньні падчас беларускіх выбраў былі большыя, чым у Югаславіі.

Ужо згаданая газэта Boston Globe у сваім учорашнім артыкуле прыводзіць меркаваньне Лукашэнкі, што, маўляў, дрэнны імідж Беларусі – гэта справа заходняй прапаганды. У сувязі з гэтым газэта прыводзіць узоры прапагандысцкіх выказваньняў памочніка прэзыдэнта Сяргея Посахава. Цытую: "Захад хоча, каб мы мелі іхны ўзор дэмакратыі, крывавы ўзор, які ёсьць у Грузіі, Малдове, Арменіі. Мы ня хочам такога роду дэмакратыі, а хочам нашай уласнай. Мы духоўныя людзі. У нас няма выпадкаў, калі б мужчына жаніўся ў царкве з мужчынам". Гэты прапагандысцкі ўзор адпавядае пастуляту Лукашэнкі – "У нас свой уласны шлях".

На завяршэньне Boston Globe прыводзіць меркаваньне, выказанае менскай журналісткай, якая папрасіла заходніх калегаў не згадваць яе прозьвішча: "У Югаславіі пайшло 13 гадоў на тое, каб зьвергнуць Мілошавіча. Думаю, Беларусі, каб пазбавіцца Лукашэнкі, спатрэбіцца больш".

XS
SM
MD
LG