Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 2000 г.


Учора з адмысловай заявай ў справе выбараў у Беларусі выступіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

"Злучаныя Штаты, – гаворыцца ў заяве, – падзяляюць думку сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў аб тым, што выбары ў Беларусі 15-га кастрычніка не былі ні свабодныя, ні справядлівыя, ні празрыстыя. Злучаныя Штаты не ўхваляюць вынікаў выбараў і будуць надалей прызнаваць легітымным парлямэнтам дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, які ўзначальвае Сямён Шарэцкі. Незважаючы на шматлікія заклікі з боку ЗША, АБСЭ і Рады Эўропы стварыць адпаведны клімат для правядзеньня выбараў, беларускія ўлады не зрабілі ніякага значнага кроку ў гэтым напрамку".

"У дзень галасаваньня, – гаворыцца далей ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – паведамлялася пра шэраг парушэньняў, якія паказваюць, што рэжым сфальшаваў выбары. Ад дзьвярэй да дзьвярэй насілі выбарчыя скрынкі і гэткім чынам прымушалі галасаваць. Тое, што рэжым быў вымушаны пайсьці на такія надзвычайныя захады, сьведчыць аб эфэктыўнасьці байкоту выбараў з боку апазыцыі. Злучаныя Штаты выказваюць глыбокае шкадаваньне з прычыны таго, што беларускія ўлады праігнаравалі жаданьне усё большай колькасьці беларускіх грамадзянаў аднавіць дэмакратыю ў краіне і востра асуджаюць сур'ёзныя парушэньні, якя былі дапушчаныя лукашэнкаўскім рэжымам у часе выбараў. Прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе павінны быць свабодныя ад падобных парушэньняў, інакш яны ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю", – гаворыцца ў сёньняшняй заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

XS
SM
MD
LG