Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На Гарадзеншчыне — згодна папярэдніх дадзеных — у выбарах удзельнічала больш за 67 адсоткаў выбаршчыкаў. Шэсьць дэпутатаў абраны, у астатніх сямі акругах адбудзецца другі тур галасаваньня.

У Гарадзенскай сельскай акрузе абраны адстаўны генэрал Валеры Фралоў, у Лідзкай сельскай — другі сакратар БПСМ Міхал Орда. У Іўеўскай акрузе — старшыня мясцовага раённага выканкаму Мікола Дуніч, які й дагэтуль быў у «палаце». У Смаргонскай акрузе перамог Робэрт Часнойць — кіраўнік абласное ўправы аховы здароўя. У Наваградзкай акрузе абрана Марыя Праташчык — шэф абласнога дзяржкантролю, а ў Шчучынскай — дырэктар мясцовага лясгасу Ўладзімер Семянюк.

Датэрмінова ўладам удалося загнаць на ўчасткі 16 адсоткаў выбаршчыкаў. Але нават пасьля гэтага ў горадзе Лідзе выбары апынуліся пад пагрозаю. Афіцыйна 50,3 адсоткі выбаршчыкаў усё ж прагаласавалі. Хаця нават старшыня абласное выбарчае камісіі Мікола Прысада прызнаўся сёньня, што лічба 50 была перавышана спачатку толькі на адну сотую адсотка, але потым, маўляў, усё ўнармавалася.

Адносна невысокім быў удзел у выбарах у абласным цэнтры. Галасаваць прыйшло толькі 53–54 адсоткі выбаршчыкаў. У філію БГК за ўчорашні дзень паступіла 100 пратаколаў пра парушэньні працэдуры галасаваньня.

На сёньняшні дзень уладамі афіцыйна прызнаны толькі адзін факт парушэньня правоў выбаршчыкаў. За перавышэньне паўнамоцтваў пакараны вымоваю старшыня Ашмянскага раённага выканкаму Кудырка. Ім быў накіраваны кіраўнікам прадпрыемстваў раёну ліст, у якім загадвалася правесьці з выбаршчыкамі агітацыйную работу й паведаміць у выканкам сьпісы тых, хто прагаласуе датэрмінова.

Паводле словаў Міколы Прысады, ад замежных назіральнікаў тым жа часам не паступіла ніякіх заўвагаў. У нашай вобласьці былі два прадстаўнікі ад Эўрапарлямэнту — Пол Куто й Спэроні Франчэска Энрыка, якія наведалі Смаргонь і Ашмяны. Прыяжджалі тры прадстаўнікі расейскае Думы, у тым ліку з фракцыяў «Саюз правых сілаў» і «Адзінства». Былі прадстаўнікі зь іншых мясьцінаў СНД й 10 назіральнікаў зь Беласточчыны — з Польшчы. Усе палякі — дэпутаты мясцовых ворганаў улады. Кіраўнік абласное ўправы грамадзка-палітычнай інфармацыі Ўладзімер Амелька сказаў, што ім нашыя выбары вельмі спадабаліся й заўвагаў у іх не было.

Кіраўніку філіі БГК Аляксандру Антанюку ўдалося сустрэцца зь беластоцкімі назіральнікамі. Ён пераканаўся, што яны не знаёмыя з выбарчым заканадаўствам РБ, і што ім паказалі толькі вонкавы бок учорашніх выбараў — буфэты, кабінкі для галасаваньня й гэтак далей.

Сёньня Варшаўскае радыё паведаміла, што польскія ўлады не пасылалі афіцыйна сваіх назіральнікаў у Беларусь. У Генэральным консульстве Польшчы ў Горадні мне заявілі, што нічога ня ведаюць пра асобаў, якія прыяжджалі ў якасьці назіральнікаў на выбары. Прозьвішчы дзесяці палякаў, аднак, вядомыя. У Беластоку мне ўдалося даведацца, што прынамсі частка зь іх належыць да «Союша левіцы дэмократычнэй» — партыі былых камуністаў.

XS
SM
MD
LG