Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

У Баранавічах пасьля падліку галасоў у акруговыя камісіі з участкаў паступілі пратаколы, запоўненыя алоўкам, альбо зусім пустыя, але падпісаныя ўсімі сябрамі камісіі.

Ва ўсёй Берасьцейскай вобласьці самы нізкі адсотак яўкі выбаршчыкаў – 40,8% – быў у Баранавіцкай Заходняй акрузе №4. У Баранавіцкай Усходняй акрузе №5 прынялі ўдзел 46,3 %. Горад ня будзе пакуль мець прадстаўніка ў так званай Палаце.

Такі нізкі адсотак выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаваньні, забясьпечылі ня толькі акцыі апазыцыі, накіраваныя на байкот выбараў. Не апошнюю ролю адыгралі тут і назіральнікі ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту ды іншых дэмакратычных арганізацыяў. Гэта пацьвярджае і той факт, што якраз на тых некалькіх участках, дзе не было назіральнікаў – самы высокі адсотак удзелу: нават болей за 60%.

Гэта, аднак, ня выратавала агульнага становішча. Ужо ў 18 гадзінаў вечара было відавочна, што выбары праваляцца па абедзьвюх акругах. Аб гэтым сьведчыла і нэрвовасьць прадстаўнікоў мясцовай вэртыкалі. Загадчык аддзелу арганізацыйна-кадравай працы гарвыканкаму Леанід Лойка пасьля 5 гадзінаў вечара быў заўважаны на некалькіх участках для галасаваньня, дзе была даволі нізкая яўка.

Зафіксавана шмат выпадкаў, калі старшыні камісіяў ці іхныя намесьнікі тэлефанавалі па інтэрнатах і даручалі вахцёрам заклікаць усіх на выбары, што тыя старанна і рабілі.

Увогуле, назіральнікамі сабрана шмат фактаў парушэньняў выбарчага заканадаўства. Участковыя камісіі выходзілі з вынаснымі ўрнамі без заяўкаў выбаршчыкаў і нават пасьля 20 гадзінаў. На некаторых участках у скрынках аказаліся лішнія бюлетэні.

Але самым цікавым быў фініш. Пасьля падліку галасоў у акруговыя камісіі з участкаў паступілі пратаколы, запоўненыя алоўкам, альбо нават і зусім пустыя, але падпісаныя ўсімі сябрамі камісіі. Паводле ўсіх фактаў назіральнікамі пададзеныя факты ў пракуратуру, а таксама ў міжнародныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG