Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 14 кастрычніка)
Эканамічны мінулага агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Яшчэ ніколі абмеркаваньне й прыняцьцё бюджэту не было такім імклівым, як сёлета. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" абавязкова прыняць бюджэт да парлямэнцкіх выбараў. І "палата" загад выканала. Два дні таму бюджэт прыняты ў апошнім чытаньні. Засталося ўхваліць яго "Савету Рэспублікі" і паставіць подпіс Лукашэнкі, а гэта шмат часу не запатрабуе.

Хуткасны характар абмеркаваньня й прыняцьця бюджэту адбіўся на ягонай якасьці: ня ўлічаныя хібы сёлетняга году. Як можна гарантаваць выкананьне даходнае часткі бюджэту памерам больш як 5,5 мільярдаў рублёў, калі сёлета, паводле інфармацыі міністра фінансаў Міколы Корбута, бюджэт ужо недаатрымаў 40 млрд. рублёў акцызаў, 15 млрд. ад замежнаэканамічнае дзейнасьці, 10 млрд. — ад рэалізацыі дзяржаўных рэсурсаў, ды ажно 56 млрд. — ад прадпрымальнікаў. Гэтак каштавала іхнае абмежаваньне і ўціск з боку дзяржавы. З гэтае прычыны да канца году ня будуць прафінансаваныя ўсе дзяржаўныя выдаткі.

Дэфіцыт бюджэту складзе 247 млрд. рублёў. Прыкладна палова яго будзе кампэнсаваная коштам чыстых крэдытаў Нацыянальнага банку, а другая палова — замежнымі валютнымі крэдытамі. Але ці будуць атрыманыя гэтыя крэдыты, невядома.

Будучы бюджэт, як і сёлетні, лічыцца сацыяльна скіраваным. Але што ў ім сацыяльнага, калі пра падвышэньні заробкавае платы настаўнікам ды лекарам "палатнікі" толькі гаварылі, калі выдаткі на жыльлёвае будаўніцтва не растуць, а скарачаюцца?

Бюджэт нельга лічыць і скіраваным на падтрымку вытворчасьці. Напрыклад, фінансаваньне сельскае гаспадаркі намінальна нібы расьце, а рэальна — скарачаецца, нават паводле сёлетняга ўзроўню. Затое чыноўнікі не забыліся ня толькі пра сваю заробкавую плату, але й пра аплату замежных паездак. На якія выдаткавана ажно 13 млн. даляраў. Калі перавесьці ў рублі, дык гэта столькі ж, колькі на ўтрыманьне ўсіх судоў. Бюджэт, хутчэй за ўсё, можна назваць бюджэтам "сілавікоў". Прычым, тут прыярытэт аддаецца міліцыянтам. Калі на абарону будзе скіравана 152 млрд. рублёў, дык на ўтрыманьне міліцыі ды АМАПаўцаў амаль удвая болей — 280 млрд. рублёў.

Характэрна, што бюджэт, складзены на грунце ідэальна ўмоўных паказьнікаў макраэканомікі, не адлюстроўвае росту заробкавае платы да 100 даляраў, што абяцае людзям Аляксандар Лукашэнка. У Міністэрстве эканомікі лічаць, што заробкавую плату можна падвысіць толькі да 70–73 даляраў. І гэта зразумела: да канца наступнага году валютны курс рубля плянуецца зьнізіць да 1.600 рублёў за даляр. Не выпадкова, што 12 кастрычніка, выступаючы ў "Палаце прадстаўнікоў", Лукашэнка гаварыў пра падвышэньне заробкавае платы ўжо не да 100 даляраў, як некалькі тыдняў таму, а да 100.000 рублёў. А гэта ў канцы наступнага году будзе складаць ня больш як 70 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG