Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску падатковая інспэктары апісалі маёмасьць прыватнае друкарні "Мэджык".

Кіраваў вопісам маёмасьці "Мэджыку" падатковы інспэктар Ленінскага раёну Яраслаў Раманчанка. Ён паведаміў нашаму радыё, што вопіс праводзіць паводле загаду свайго начальства. У прысутнасьці сьведкі Жаны Хадатовіч быў складзены акт, у які дзяржаўныя фінансысты ўключылі абсталяваньне прыватнае друкарні.

Гаворыць дырэктар "Мэджыку" Юры Будзько:

"Гэта — тэхналягічная лінія выпуску газэтаў: вялікі афсэтны варштат, фармовыя аўтаматы — праявачны й засьветачны — і вялікая вырабляльная лінія. На той момант, калі гэтае гэтае абсталяваньне апынулася ў Беларусі, ягоны кошт складаў 360 тысячаў даляраў. Аднак зараз яно каштуе нашмат болей, бо мы гэтыя друкарскія машыны дапоўнілі дадатковымі прыстасаваньнямі. У нашых бугальтарскіх дакумэнтах усё гэта фігуруе як абсталяваньне, што было арэндавана ў Інстытуту Адкрытага Грамадзтва", — зазначыў Юры Будзько.

Дарэчы, пытаньне пра сапраўднага ўласьніка абсталяваньня прыватнае друкарні сталася сёньня прадметам рознагалосьсяў паміж кіраўніцтвам "Мэджыку" й падатковымі інспэктарамі. На думку падатковых інспэктараў, маёмасьць "Мэджыку" на самрэч зьяўляецца маёмасьцю зьліквідаванага 3 гады таму Беларускага фонду Сораса. Юры Будзько рашуча абверг гэтае меркаваньне і адмовіўся прызнаць гэта ў пісьмовым дакумэнце.

Вось як ён пракамэнтаваў сваю пазыцыю:

"У дадзеным выпадку спрэчка адбываецца паміж Фондам Сораса й падатковай інспэкцыяй. "Мэджык" да гэтае спрэчкі ня мае ніякага дачыненьня. І калі ў "Мэджыка" канфіскуюць гэтае абсталяваньне, дык гэтым ягоныя інтарэсы будуць груба парушаныя. Закон сьцьвярджае, што ў гэтай канкрэтнай сытуацыі або мусіць скончыцца тэрмін дзеяньня кантракту, або ён мусіць быць спынены Інстытутам Адкрытага Грамадзтва. Толькі пасьля гэтага можна апісваць маёмасьць, накладаць на яе "арышт", — лічыць Юры Будзько.

Сёньняшняя акцыя ўладаў прыцягнула ўвагу амбасады ЗША ў Беларусі. Пад час вопісу прысутнічаў ейны прадстаўнік Крыс Робінсан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG