Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Экс-прэм'ер Міхал Чыгір не выключае, што адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах, якія ён лічыць сфальшаванымі. Міхал Чыгір адказвае на пытаньні нашага аўтара Алега Грузьдзіловіча.

Да ўчорашніх выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" экс-прэм'ер Міхал Чыгір мае цэлы шэраг прэтэнзіяў. І хаця спадар Чыгір патрапіў у другі тур, заняўшы другое месца, цяпер ён ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць далейшае барацьбы, вынік якое, на ягоную думку, вызначае не выбаршчык, а ўлада. Міхал Чыгір кажа:

(Чыгір: ) "Я магу сказаць, што адбывалася ў маёй акрузе. На большасьці ўчасткаў была фальсыфікацыя. Напрыклад, на адным з участкаў падлік галасоў вёўся наогул у іншым памяшканьні, дзе не прысутнічалі назіральнікі. Потым выйшлі і абвесьцілі вынікі выбараў. Ну гэта наогул…Як гэта можна прызнаваць такія выбары? Да таго часу, пакуль у камісіях, пачынаючы з цэнтральнай выбарчай камісіі і канчаючы акружнымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі, ня будзе прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, выбары праводзіць у рэспубліцы немагчыма. Гэта тычыцца парлямэнцкіх і таксама прэзыдэнцкіх выбараў".

(Карэспандэнт: ) "А як бы Вы пракамэнтавалі сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю прадстаўнікоў АБСЭ і тое, што яны не прызнаюць вынікі выбараў".

(Чыгір: ) "Гэтага трэба было чакаць. Я сам, нягледзячы на тое, што прымаў удзел у выбарах, лічыў мэтазгодным выбары не прызнаваць да тае пары, пакуль улады ня выканаюць вядомыя чатыры ўмовы".

(Карэспандэнт: ) "Якая, на Вашую думку, будзе будучыня ў гэтага парлямэнту?"

(Чыгір: ) "Лічу, што будучыні ў парлямэнту няма, а калі хтосьці прызнае выбары, то гэта таксама ня будзе рабіць гонару тым краінам".

(Карэспандэнт: ) "Вы будзеце ўсё ж браць удзел у другім туры?"

(Чыгір: ) "Я канчатковага рашэньня пакуль не прымаў, але усё ж лічу, што калі выбары былі сфальсыфікаваныя на 15-га, яны будуць сфальсыфікаваныя і праз два тыдні. Таму я хутчэй за ўсё ў выбарах удзел не прыму".

Гэта быў экс-прэм'ер Міхал Чыгір, які балятаваўся ў Менску ў Адзінцоўскай выбарчай акрузе й трапіў у другі тур выбараў. Чыгір кажа, што канчатковае рашэньне наконт таго, ці працягваць браць удзел у выбарчай кампаніі, ён прыме пазьней, пасьля кансультацыяў у сваім выбарчым штабе.

XS
SM
MD
LG