Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Перамогай лічаць у Віцебску сябры Каардынацыйнай Рады дэмакартычных сілаў выбары, якія не адбыліся. Кампанія "Байкот-2000" завершылася для амаль 60 адсоткаў месьцічаў ігнараваньнем гэтых выбараў. Ніводзін дэпутат ня быў абраны ад Віцебску ў "Палату прадстаўнікоў". І гэтыя вынікі невыпадковыя.

Як падкрэсьліў на сёньняшняй прэсавай канферэнцыі старшыня абласной Каардынацыйнай Рады ў справе нагляданьня за выбарамі Хрыстафор Жэляпаў, гэта вынік руплівай працы соцень чалавек на працягу апошніх месяцаў.

Толькі ўлётак і налепак з заклікам да байкоту было распаўсюджана каля 200 тысячаў. Ува многіх участковых камісіях чальцамі зьяўляліся сябры дэмакратычных арганізацыяў. Усяго некалькі камісіяў горада засталіся без назіральнікаў. Як вынік у Віцебску падчас галасаваньня ня было занадта злосных парушэньняў. Канешне, бегалі са скрынямі па кватэрах і дзе-нідзе прыносілі значна больш запоўненых бюлетэняў, чым было заяўлена, як на 18-м участку Чкалаўскай акругі. Але, як скардзіліся прадстаўнікі камісіяў, многія жыхары не пускалі іх нават на ганак. Не было такога, як на 26-м Полацкім участку, калі скрыню для галасаваньня прывезьлі ў двор дома № 42 па вуліцы Дзяржынскага і агітавалі галасаваць ці за Ісаева, ці за Ільніцкага. Не спрацавала ў Віцебску і папярэдняе галасаваньне.

У Віцебскім жа раёне, старшыня райвыканкаму непасрэдна ў сваім кабінэце разам са старшынём акруговай камісіі прымалі бюлетэні з участкаў. Назіральнікаў, натуральна туды не дапусьцілі.

Калі апошнія выбаршчыкі-віцябляне яшчэ ішлі на ўчасткі, ужо зьявіліся першыя пацярпелыя па выніках кампаніі. Члены БПСМ, вучні старэйшых клясаў СШ № 29 на чале з Аляксеем Байдай, лавілі па адным і зьбівалі падлеткаў з клюбу "Мядзьведзь", якія дапамагалі разносіць улёткі за байкот выбараў. "Гэта вам за тое, што вы супраць Бялова", — казалі яны. Але нават каб выбары і адбыліся, стаўленік вэртыкалі, цяперашні дэпутат Бялоў усё роўна па іх выніках не атрымаў бы перамогі.

XS
SM
MD
LG