Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Назіральнікі ад Магілеўскага грамадзкага аб'яднаньня "Гуманітарная ініцыятыва" склалі больш за тысячу пратаколаў на парушэньні Закону аб выбарах. Акрамя гэтага, каардынатары назіральнікаў сёньня заявілі, што насамрэч у Магілеве і адным з раёнаў Бабруйску выбары ўвогуле не адбыліся.

Аднак, паводле папярэдніх дадзеных Магілеўскай вабласной выбарчай камісіі, выбары адбыліся ва ўсіх 13-ці акругах з сярэдняй актыўнасьцю 62%. Найбольшая актыўнасьць зафіксаваная ў Шклоўскім раёне – 83%. Пераважная большасьць аддала свой голас віцэ-сьпікеру так званай Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Канаплёву.

Увогуле, 6 чалавек абраныя на Магілеўшчыне з першага туру. Калега Канаплёва па дэпутацтве, дырэктар аграгандлёвай фірмы "Днепр" Валеры Ліпкін; міністар сельскай гаспадаркі Вадзім Папоў; намесьнік начальніка КГБ па Магілеўскай вобласьці Ўладзімер Марозаў; кіраўнік "Магілеўаблнафтапрадукту" Аляксандар Чачора і менскі прадпрыймальнік, дырэктар прадстаўніцтва швайцарскай фірмы Валяньцін Сімірскі. Усе – партэбныя ўладзе людзі.

У трох зь сямі параў, якія выходзяць на другі тур, фігуруюць дэпутаты так званай Палаты, дый іншых выпадковымі людзьмі ў выбарчай кампаніі не назавеш.

Як паведаміў каардынатар назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў Валеры Сівуха, пасьля апрацоўкі сваіх дадзеных, яны будуць скардзіцца ў пракуратуру, каб давесьці, што выбары ў трох Магілеўскіх і адной Бабруйскай акрузе не адбыліся, а колькасьць выбаршчыкаў нацягвалася ўсімі сродкамі. Прычым назіральнікаў часта не пускалі ў камісіі на падлік галасоў.

У Магілеўскіх акругах дадзеныя ўчастковых камісіяў не супадалі з акруговымі, дзе аб'яўлялася, што выбары адбыліся. Але ў адказ на заўвагі назіральнікаў прасілі ня блытаць прыватнае з агульным. Адзін з назіральнікаў паскардзіўся, што пасьля канфлікту ў камісіі ён быў зьбіты невядомымі.

Парушэньняў зафіксавана вельмі шмат. Напрыклад, ёсьць інфармацыя, што жанчыны з бюлетэнямі хадзілі з кайстрамі ў цэнтры Магілеву па кватэрах і прапаноўвалі людзям выканаць свой грамадзянскі абавязак на месцы.

XS
SM
MD
LG