Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 2000 г.


Вольга Караткевіч

У нас на сувязі ў Вільні Сяргей Харэўскі, які расказвае, як ідзе галасаваньне ў беларускай амбасадзе і як да выбараў ставяцца ў Літве.

(Харэўскі: ) "Ва ўсіх амбасадах Беларусі ва ўсіх краінах ёсьць прымацаваньне да пэўнай акругі. Таму ў Літве галасаваньне адбываецца па 66-м участку Коласаўскай 105-й акругі. Наогул у Літве жыве ад 1700 да 2000 грамадзянаў Рэспублікі Беларусі, якія маюць права голасу. Большасьць зь іх атрымалі запрашэньні да галасаваньня. Але паколькі гэтыя людзі жывуць па тэрыторыі ўсёй краіны, дык шмат хто зь іх ня могуць пад'хаць своечасова.

Як у Беларусі, тут выбары пачаліся датэрмінова, ужо з аўторка. Часта доводзілася бачыць на вуліцы імя князя Мяндоўга, дзе знаходзіцца амбасада, як нейкія людзі шукалі дом №13 – менавіта пад гэтым нумарам чортавага тузіну існуе тут беларуская амбасада.

Літаральна сёньня з раніцы я назіраў шмат людзей, якія прышлі на ўчастак. Я зьдзівіўся, а пасьля зразумеў – толькі што скончылася імша, яшчэ званілі званы, а людзі ўжо галасавалі. За 5 хвілінаў паўз мяне прайшлі каля 15 чалавек.

Сярод кандыдатаў па гэтай акрузе, якіх 7 чалавек, найбольш прыкметныя постаці – Георгі Марчук, дырэктар выдавецтва "Мастацкая Літаратура", і Сяргей Калякін, слынны беларускі камуніст. Яшчэ зусім нядаўна Сяргей Калякін прымаў удзел у паседжаньні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня тут, у Вільні, а сёньня ён ужо ёсьць кандыдатам у дэпутаты ў гэтак званую "палату прадстаўнікоў".

(Карэспандэнт: ) "Сяргей, што піша літоўская прэса і ў якой танальнасьці пра гэтыя выбары, якія беларуская апазыцыя называе фарсам?"

(Харэўскі: ) "Прэса ў Літве падзяляе пункт гледжаньня беларускай апазыцыі і эўрапейцаў на гэтую падзею. Гэтыя выбары ацэньваюцца крытычна, але асьвятляюцца нэўтральна – на тле астатніх літоўскіх падзеяў гэтая – невялікая. Што да самога факту правядзеньня выбараў тут, у Літве, яны пакуль ня пішуць".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы думаеце, ці прызнае Літва вынікі гэтых выбараў?"

(Харэўскі: ) "Я перакананы, што не. Літва зрабіла свой выбар, калі запрасіла старшыню Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сямёна Шарэцкага, які да сёньня ўважаецца адзіным легітымным кіраўніком дзяржавы, і Літва, па-ранейшым знаходзячыся ў фарватэры эўрапейскай амэрыканскай палітыкі, будзе падзяляць той пункт гледжаньня, які падзяляюць яе будучыя партнэры па Эўрапейскім Зьвязе і НАТО".

Гутарыла

XS
SM
MD
LG