Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 2000 г.


Кaзімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

1 мільён 200 тысяч выбаршчыкаў налічваецца ў 17 выбарчых акругах Гомельскай вобласьці, але ня ўсім ім трэба было наведваць выбарчыя ўчасткі менавіта сёньня, у дзень афіцыйных выбараў.

Высілкамі ўладаў і акруговых камісіяў да пачатку сёньняшняга галасаваньня на ўчастках пасьпелі пабываць 13 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта ў сярэднім, бо ёсьць у так званым датэрміновым галасаваньні і свае лідэры. Да прыкладу, у гомельскай Сельскай выбарчай акрузе №39, паводле афіцыйных зьвестак, на ўчасткі прыйшлі 17 адсоткаў выбаршчыкаў, у Буда-Кашалёўскай акрузе №40 – ажно 23 адсоткі. Гэтыя лічбы аздобілі сёньняшнюю статыстыку, паколькі актыўнасьць выбаршчыкаў, прынамсі да 13 гадзінаў, была невысокая – каля 25 адсоткаў.

На ўчастку №21 гомельскай Цэнтральнай выбарчай акругі, дзе кандыдатам у дэпутаты балятуецца кіраўнікі мясцовай адміністрацыі Ўладзімер Дзервянкоў, сябры камісіі сутыкнуліся з неахайнай працай раённых службаў у складаньні сьпісаў выбаршчыкаў. За тры гадзіны пасьля адкрыцьця ўчастку ажно 55 чалавек зьвярнуліся да сакратара камісіі Галіны Молат са скаргамі на тое, што іх прозьвішчаў няма ў сьпісах.

У гомельскай Савецкай выбарчай акрузе №36 старшыня камісіі Юры Люкшын, які да нядаўняга часу працаваў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі, наладзіў сапраўдную зачыстку назіральнікам ад грамадзкіх арганізацыяў. З двух участкаў ён выгнаў прадстаўнікоў аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы", у прыватнасьці, Сяргея Ермакова і Аляксандра Процьку, ды ня проста выгнаў, але выдаў нават пісьмовыя даведкі наступнага зьместу: "Выдалены з участка па прычыне адсутнасьці пасьведчаньня сябра грамадзкага аб'яднаьня "Грамадзянскія ініцыятывы". І хаця наяўнасьць такога пасьведчаньня Выбарчы кодэкс не прадугледжвае, старшыня камісіі быў цьвёрдым.

XS
SM
MD
LG