Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Надзвычайная сытуацыя ў Пінску. Пасьля таго, як стала вядома, што на 15 гадзінаў у горадзе прагаласавала каля 35 % выбаршчыкаў, выканкамаўскія чыноўнікі пачалі ціснуць на старшыняў участковых камісіяў, каб тыя забясьпечылі неабходную лічбу ўдзелу грамадзянаў у галасаваньні. Людзей на ўчасткі павялі калёнамі.

Такія выпадкі афіцыйна зафіксаваныя назіральнікамі на выбарчым участку № 24, дзе, нягледзячы на намаганьні, на 19 гадзінаў прагаласавала толькі 40 % выбаршчыкаў, і на ўчастку № 31, куды калёнай прывялі нават пацыэнтаў суседняга наркадыспансэру, якія лекуюцца там ад алькагольнай ды наркатычнай залежнасьці.

Літаральна ў апошнія хвіліны перад запісам матар'ялу, у штаб пачалі прыходзіць зьвесткі ад назіральнікаў, што на некаторых участках сябрам выбарчых камісіяў загадалі ўзяць скрыні, якімі карыстаюцца для галасаваньня па месцы жыхарства, і абыходзіць грамадзянаў, якія, адпаведна заканадаўству, ня выклікалі скрыні дахаты. Сябры камісіяў атрымалі загад загітаваць тых, хто не прыйшоў сёньня на ўчастак, прагаласаваць у хатняй абстаноўцы. Афіцыйна гэтая інфармацыя ўжо пацьверджаная назіральнікамі на ўчастку № 15.

У выніку за гадзіну да сканчэньня галасаваньня колькасьць грамадзянаў, што ўзялі ўдзел у выбарах, пачала хутка павялічвацца. З крыніцаў у акруговай выбарчай камісіі стала вядома, што старшыні гарадзкой і раённай акруговых выбарчых камісіяў увесь час маюць сувязь з берасьцейскім аблвыканкамам, адкуль атрымліваюць інструкцыі наконт забесьпячэньня ўдзелу ў выбарах неабходнай колькасьці грамадзянаў.

XS
SM
MD
LG