Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 2000 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

Дэпутат цяперашняй Палаты Прадстаўнікоў і намесьнік Міністра ў надзвычайных сытуацыях Барыс Бікінін быў калісьці абраны ў Палату ад Баранавічаў, аднак сёньня ён не рызыкнуў ізноў прасіць даверу ў сваіх ранейшых выбаршчыкаў і пайшоў па баранавіцкай сельскай акрузе № 6, якая ўлучае баранавіцкі і ляхавіцкі раёны. Праваабарончыя арганізацыі фіксуюць з боку Бікініна мноства парушэньняў:

Пачалося ўсё, напэўна, з таго, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэньні Бікініна былі ўлучаныя ўсе баранавіцкія ды ляхавіцкія пажарнікі, што безпасярэдне падпарадкоўваюцца Міністэрству надзвычайных сытуацыяў.

Прадстаўнікі мясцовай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай кажуць, што маюць дастаткова фактаў і доказаў таго, што пажарнікі зьбіралі подпісы, выкарыстоўваючы службовае становішча. Але гэта быў толькі пачатак.

У ведамасным часапісе "Служба выратаваньня 01" (№9) выходзіць артыкул: "Барыс Бікінін дапамагае тым, хто мае патрэбу".

Сам кандыдат у дэпутаты раздае на сустрэчах з выбаршчыкамі гэты часопіс. Як высьветлілася, Бікінін аддрукаваў звыш накладу дадатковых 500 асобнікаў у мясцовай баранавіцкай друкарні. Аднак і гэта яшчэ ня ўсё.

На сустрэчах з выбаршчыкамі ў Навамышскім ПТВ-156 ды ў Лясьнянскім доме-інтарнаце кандыдат Бікінін настолькі расшчодрыўся, што падараваў гэтым установам па каляроваму тэлевізару "Гарызонт" – кожнай, што ёсьць простым парушэньнем артыкулу № 47 "Выбарчага коэксу".

І баранавіцкія, і ляхавіцкія раённыя ўлады, безумоўна, ва ўсім падыгрываюць Бікініну. Ягонае прозьвішча не сыходзіць са старонак мясцовых афіцыйных газэтаў, а на сустрэчы з выбаршчыкамі іншых кандыдатаў не запрашаюць, але пасьля тлумачаць, што яны праігнаравалі сустрэчу. Затое Барыс Бікінін, маўляў, не паленаваўся да вас прыйсьці.

Мясцовая арганізацыя Партыі камуністаў беларускай падала заяву ў Цэнтарвыбаркам з патрабаваньнем зьняць кандыдата Бікініна з выбарчага маратону. Аднак учора акруговая камісыя № 6 палічыла доказы калякінцаў неабгрунтаванымі і бальшынёй галасоў пакінула Барыса Бікініна ў сьпісе кандыдатаў.

XS
SM
MD
LG