Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускі Гэльсынскі камітэт заяўляе пра йстотныя парушэньні выбарчага заканадаўства на ўсіх этапах выбарчае кампаніі ў Беларусі.

Больш за 1.500 назіральнікаў ад Беларускага Гэльсынскага камітэту сочаць за тым, як праходзяць выбары ў Беларусі.

Паколькі выбары фактычна ідуць, дадзеныя ад назіральнікаў ужо зьбіраюцца і аналізуюцца. На падставе гэтых зьвестак зробленыя папярэднія высновы, зь якімі прадстаўнікі БГК сёньня пазнаёмілі грамадзкасьць. У заяве камітэту сьцьвярджаецца, што яшчэ да дня асноўнага галасаваньня беларускія ўлады йстотна парушаюць выбарчае заканадаўства. Ініцыятыва гэтых парушэньняў, паводле назіраньняў актывістаў Гэльсынскага камітэту, належыць тым, хто кіруе ўладнай вэртыкальлю на месцах. Але і яны дзейнічаюць паводле загаду "зьверху", лічыць старшыня БГК Тацяна Процька:

(Процька: ) "Людзі, якія маюць дачыненьне да дзяржаўнай улады, так напужаныя, што, нібыта, заўтра скончыцца жыцьцё, калі яны ня выканаюць загаду і не забясьпечаць 50-ці працэнтную яўку на выбары. Такога мы не назіралі нават у 1996 годзе. Дзеяньні ўлады нават цынічныя. Людзей прымушаюць ісьці на датэрміновае галасаваньне. Масава не рэгіструюць назіральнікаў".

Беларускі Гэльсынскі камітэт адзначае, што большасьць парушэньняў, зафіксаваных пад час выбарчае кампаніі, немагчыма аспрэчыць праз суд, бо суды аказаліся цалкам заангажаванымі ўладаю. Самы красамоўны прыклад — адмова Вярхоўнага Суду спраўджваць законнасьць прызначэньня Цэнтральнае камісіі ў справе выбараў, у легітымнасьці якой сумняюцца некаторыя ўдзельнікі выбараў.

Паводле назіральнікаў БГК, з парушэньнямі прайшло фармаваньне многіх выбарчых камісіяў, ад чаго йстотна будзе залежаць падлік галасоў. Але галоўная прэтэнзія назіральнікаў да ўлады — гэта тая кампанія датэрміновага галасаваньня, што зарганізаваная ў інтэрнатах…

Назіральнік Аляксандар Антанюк з Горадні распавядае:

(Антанюк: ) "Вялікая актыўнасьць толькі ў інтэрнатах студэнтаў і рабочых. Прыкладам, напярэдадні прайшла чутка, што зь інтэрнату будуць высяляць тых, хто не працуе на прадпрыемстве, — калі хто не прагаласаваў. Людзі спужаліся, многія нават да нас у БГК сталі прыходзіць і кансультавацца. Мы тлумачым гэтым людзям іхныя правы, але зразумела, што страх як аргумэнт — куды мацнейшы. Таму я лічу, што гэтая актыўнасьць выяўляецца бальшынёю, каб захаваць дах над галавою", — лічыць прадстаўнік гарадзенскае філіі БГК Аляксандар Антанюк.

А вось назіральнік з Маладэчна Эдуард Баланчук тлумачыць актыўнасьць датэрміновага галасаваньня ў інтэрнатах фальшаваньнямі мясцовых начальнікаў. Баланчук распавядае пра тое, што назіраў у інтэрнаце маладэчанскага заводу "Электрамодуль" усяго празь некалькі гадзінаў, як пачалося датэрміновае галасаваньне.

(Баланчук: ) "На паўднёва-ўсходняй выбарчай акрузе нумар 19 – гэта інтэрнат заводу "Электрамодуль" нам паступіла тэлефоннае паведамленьне, што камэндант гэтага інтэрнату заганяе ўсіх на датэрміновае галасаваньне. Нашыя назіральнікі туды паехалі, калі прыехалі, то гэта была комнатка камэнданта, не абсталяваная, нейкая шырмачка вісела, не вядома, для чаго. Мы паглядзелі, што 93 чалавекі прыйшлі на датэрміновае галасаваньне, літаральна за некалькі гадзінаў".

Казаў назіральнік БГК Эдуард Баланчук з Маладэчна.

Ягоныя калегі з Салігорску, Горадні, Берасьця ды іншых месцаў Беларусі заявілі, што былі сьведкамі адпаведных парушэньняў. Прадстаўнікі БГК працягваюць сваю працу ў справе назіраньня за выбарамі.

XS
SM
MD
LG