Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Адрыян Севярын — кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пачаў сёньня рэалізацыю праграмы візыту тройкі сустрэчаю з групаю праваабаронцаў. Сёньня ж у Менск прыляцелі Вольфганг Бэрандт і Ян Віерсма.

Ужо а палове на дзявятую раніцы спадар Севярын пачаў гутарку з групаю праваабаронцаў. На сустрэчу запрасілі Тацяну Процьку, Алеся Бяляцкага, Зьмітра Бандарэнку ды іншых, усяго 7 асобаў. Такія размовы сталі традыцыйнымі яшчэ зь мінулага году, і сёньня кіраўнік ПА АБСЭ атрымаў новую інфармацыю пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Праваабаронцаў зьмянілі палітолягі Андрэй Вардамацкі, Юры Загумёнаў і Леанід Заіка. Пакуль яны выкладалі Адрыяну Севярыну сваё разуменьне цяперашняй сытуацыі ў краіне, у суседняй залі пачалося паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Ягоныя ўдзельнікі сёньня ўвечары будуць сустракацца з "тройкаю", а ўраніцу сабраліся асобна, каб распрацаваць агульную стратэгію і тактыку.

І тут высьветлілася, што вечаровая сустрэча пад пагрозаю. Сяргей Папкоў, Станіслаў Шушкевіч і Валянціна Палевікова паставілі пад сумнеў неабходнасьць размовы з "тройкаю". Яны незадаволеныя некалькімі момантамі ў паводзінах "эўрапейцаў". І найперш — лістом амбасадара Віка ў Цэнтравыбаркам з просьбаю акрэдытаваць прадстаўнікоў "тройкі" ў якасьці міжнародных назіральнікаў.

Паўсталі пытаньні й наконт складу апазыцыянэраў, зь якімі "тройка" хоча правесьці дзьве асобныя сустрэчы. У гэтым сьпісе — Генадзь Грушавы, Мікола Статкевіч, Васіль Шлындзікаў і Міхал Чыгір. І справа нават ня ў тым, што ўсе яны прадстаўляюць тую плынь апазыцыі, што выступае за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах. Як лічыць Станіслаў Шушкевіч, падобна на тое, што з дапамогаю КНГ АБСЭ міжнародная супольнасьць хоча зьмяніць канфігурацыю беларускай апазыцыі.

Аднак Анатоль Лябедзька, Леанід Лемяшонак ды іншыя ўдзельнікі ранішняга паседжаньня Кансультацыйнае рады ўсё ж переканалі калегаў не адмаўляцца ад размовы з "эўрапейцамі". Пасьля дэбатаў вырашылі — даручыць Анатолю Лябедзьку ад імя апазыцыі старшыняваць на вечаровай сустрэчы й выкласьці сваю пазыцыю.

(Лябедзька: ) "Сытуацыя складаная і няпростая. Усё ж прадстаўнікі палітычных партыяў абсалютна лягічна ставяць пытаньне, чаму прадстаўнікі "тройкі" і маюць статус міжнародных назіральнікаў, хаця ёсьць прэцэдэнт, калі тая ж тэхнічная місія, нягледзячы на існуючае беларускае заканадаўства, дабілася для сябе асобага статусу тэхнічных экспэртаў. Я думаю, што гэта хібы, якія дапушчаныя з боку Кансультацыйна-назіральнай групы. Калі б, напрыклад, парлямэнцкая тройка, прагназуючы сытуацыю, зрабілі папярэднюю заяву, чаму яны едуць у Беларусь, зь якой мэтай і ў якім статусе. Тады б усе пытаньні былі зьняты. Зьдзіўляе, натуральна, многіх, што зноўку спрабуюць стварыць канфігурацыю новай палітычнай апазыцыі. Сам прынцып, на мой погляд, непрымальны, калі апазыцыю фармуюць, зыходзячы з адносін да пэрсонаў, а не структураў".

А 14-й гадзіне ў Менск прыляцелі Вольфганг Бэрандт і Ян Віерсма. Ужо а 16-й гадзіне пачалася сустрэча тройкі з Аляксандрам Лукашэнкам.

XS
SM
MD
LG