Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Любіца Маркавіч, дырэктарка адзінай незалежнай сэрбзкай інфармацыйнай агэнцыі Beta ў інтэрвію Радыё Свабода гаворыць пра настроі ў сэрбзкім грамадзтве і пэрспэктывы разьвіцьця краіны з новым кіраўніцтвам.

У якасьці дырэктара агэнцыі навінаў, якая перадавала пра падзеі, што так ці інакш тычыліся Мілошавіча і ягонага ўраду, Любіца Маркавіч была відочнай праблемай для ўладаў. Яна прадстаўляла сваіх калегаў-журналістаў агэнцыі Бэта – больш як 100 пар вачэй – усе зь якіх былі сканцантраваныя ў апошнія гады на падзеях у Югаславіі.

У 1992 годзе Маркавіч і некаторыя калегі зь югаслаўскай дзяржаўнай агэнцыі навінаў Танюг, заснавалі незалежную агэнцыю Бэта, базаваную ў Белградзе. Ніхто на Балканах ня меў лепшай пазыцыі за яе – кіраўніцы 100 прафэсійных журналістаў, каб назіраць за падзеямі ў Югаславіі. Дагэтуль, гаворыць Маркавіч, яна, як і кожны, зьдзіўленая, як улада Слабадана Мілошавіча схлынула падобна таму, як кроў выхлынае з разрэзанай артэрыі. Тады, 24 верасьня, уначы, пасьля 1-га туру галасаваньня, многія мелі супярэчныя меркаваньні і прагнозы…

Маркавіч гаворыць: "Ведаеце, мы перадавалі ўвесь час: ДАС – перамагае, ДАС – перамагае. ДАС – гэта дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі. І самі былі зьдзіўленыя".

"І раптам, – працягвае яна, – паміж другой і чацьвертай раніцы – поўная цішыня з боку Сацыялістычнай партыі Мілошавіча. Яны цалкам зачынілі свае памяшканьні і не дапускалі туды журналістаў. Стала зразумела, што нешта для іх ня так."

У панядзелак Любіца Маркавіч упершыню ўздыхнула свабодна…

(Маркавіч: ) "Гэта абсалютна, абсалютна новая сытуацыя ў Сэрбіі. У тое, што здарылася, цяжка паверыць. Ведаеце, калі я прачынаюся раніцай, мне здаецца, што я ўсё яшчэ сплю. Няўжо мы сапраўды без Мілошавіча? Няўжо магчыма, каб гэта было магчымым? Ведаеце, гэта як дзіва. Калі я размаўляю зь людзьмі, яны гавораць, што адчуваюць падобнае. Таму што пасьля 13 гадоў падобнага кіраваньня, такіх мэтадаў улады, насамрэч цяжка верыць, што ўсё скончылася за 4 альбо 5 дзён".

Маркавіч адзначае, што ўсяго некалькі тыдняў назад яна скэптычна ставілася да Ваіслава Каштуніцы – кандыдата, які перамог у той час, як многія іншыя – лепш ведамыя і больш папулярныя – праваліліся. Маркавіч заўважыла, што Каштуніца быў лідарам нязначнай правай партыі – той, якая не ўхваляла кампрамісаў ці альянсаў, што абраны прэзыдэнт адкрыты сэрбзкі патрыёт і прыхільнік вайсковых камандзіраў з сумніўнай рэпутацыяй. Але, гаворыць Любіца, паводзіны Каштуніцы зьмянілі яе меркааньне. Працягвае спадарыня Маркавіч:

(Маркавіч: ) "Ён неяк зьмяніўся. І я чула ад тых, хто зь ім кантактуе – напрыклад, замежных журналістаў і дыпляматаў у Сэрбіі – што ён пэрсанальна вельмі эвалюцыянаваў і прыняў факт, што быць прэзыдэнтам азначае рэальна адкрывацца для Эўропы. Я перакананая, што ён – дэмакрат".

"Каштуніца, – гаворыць дырэктар незалежнай сэрбзкай інфармацыйнай агэнцыі Любіца Маркавіч, – пад час ягонага зьяўленьня на публіку выглядае, як новае сьвятло, якое сьвеціць на Югаславію – грацыёзны, шляхетны, адукаваны юрыст, чалавек, які гаворыць на некалькіх замежных мовах і разумее сьвет". Яна верыць, што нават ягоны гарачы сэрбзкі патрыятызм – плюс, "бо бяз гэтага Каштуніцу б не абралі".

Гэтыя словы Любіцы Маркавіч – вельмі моцныя з боку рэзкага рэдактара, якая пабудавала сваю рэпутацыю ў якасьці крытыка, асобы, якую немагчыма прымусіць замаўчаць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG