Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 2000 г.


Юры Дракахруст Прага

Два дні таму ў Астане кіраўнікі 5 дзяржаваў-сябраў мытнага саюзу падпісалі дамову пра ператварэньне саюзу ў Эўразійскае эканамічнае супольніцтва. Расейскі друк камэнтуе гэтую падзею…

Пры падпісаньні лёсавызначальнага дакумэнту ўдзельнікі ўрачыстасьці былі шчодрыя на аптымістычныя прагнозы. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

"Гэта нешта падобнае на Эўрапэйскі Зьвяз, які даўно функцыянуе, з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць".

Але 10-гадовы досьвед стварэньня розных аб'яднаўчых структураў у межах СНД паказвае, што, так бы мовіць, "наш савецкі Эўразьвяз" неяк не атрымліваецца. Таму, магчыма, тон камэнтароў расейскага друку вар'юецца ад вельмі стрыманых спадзяваньняў да знішчальнай крытыкі.

Напрыклад, газэта "Ведомости" адзначае, што ў адрозненьне ад мытнага саюзу новая супольнасьць будзе мець міжнародны статус, гэта значыць, рашэньні яе кіроўных ворганаў будуць мець абавязковую сілу для краінаў-удзельніцаў. Праўда, на ўзроўні Міждзяржаўнага Савету рашэньні, як і раней, будуць прымацца адзінагалосна, але ў інтэграцыйным камітэце – дзвюмя трацінамі галасоў. Галасы ў камітэце будуць разьмеркаваныя прапарцыйна ўнёскам: Расея будзе мець 40% галасоў, Беларусь і Казахстан – па 20%, Кыргызстан і Таджыкістан – па 10%. "Ведомости" адзначаюць, што Расея разам з Беларусьсю і любой іншай краінаю ўсе роўна зможа праводзіць тыя рашэньні, якія палічыць патрэбнымі.

У супольніцтва будуць дзьве штаб-кватэры – ў Алма-Аце і ў Маскве. Але выданьне мяркуе, што наяўнасьць казахстанскай штаб-кватэры – ня больш чым ветлівасьць у дачыненьні да вынаходніка ідэі эўразійскай супольнасьці Нурсултана Назарбаева, реальны кантроль над працай апарату супольніцтва будзе ажыццяўляць Расея – лічаць "Ведомости".

Але акрамя бюракратычных формулаў ёсьць яшчэ і эканамічныя інтарэсы сябраў новастворанага супольніцтва. Як адзначае газэта "Труд", амаль ўсе яны – экспарцёры сыравіны, гэта значыць, канкурэнты на ўсясьветным рынку. Найбольш жорсткія адзнакі даюць новаму міждзяржаўнаму ўтварэньню "Известия". Іх аўтар падкрэсьлівае, што Эўразійская супольнасьць азначае пахаваньне адразу двух праэктаў – зоны свабоднага гандлю ў межах СНД і мытнага саюзу.

"Известия" нагадваюць, якія менавіта фактары разбурылі мытны саюз. Гэта – усупленьне Кыргызстану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю і расейскі крызіс жніўня 1998 году, які зрабіў гандаль з Расеяй нявыгадным для дзяржаваў СНД. Так што ў разбурэньні мытнага саюзу асноўную ролю адыгрывалі суседзі Расеі па СНД. А вось галоўным далакопам плянаў стварэньня зоны свабоднага гандлю была ўжо Расея. "Известия" спасылаюцца на падлікі расейскіх міністэрстваў, паводле якіх гэтая зона прынесла б расейскай казне велізарныя страты.

Газэта выказвае вялікі сумнеў, што супольнасьць зможа пераадолець гэтыя супярэчнасьці. "Нават з галоўным саюзнікам – Беларусьсю – ідзе ціхая мытная вайна", – нагадваюць "Известия". "Беларусы насуперак ўсім дамоўленасьцям абкладаюць мытамі расейскіх "чаўнакоў", а зараз вырашылі браць падатак на дадатковую вартасьць з тавараў, што ідуць у Расею праз Беларусь з трэціх краінаў", – гаворыцца ў артыкуле. "Для маштабнай эканамічнай інтэграцыі ў межах СНД няма аб'ектыўнай базы", – робяць выснову "Ізвестия".

Але магчыма матывы сапраўднай зацікаўленасьці Масквы ў стварэньні супольнасьці сфармуляваныя ў падзагалоўку да артыкулу ў газэце "Сегодня" – "Расея мае намер распаўсюдзіць досьвед працы з Беларусьсю на іншыя краіны СНД". Аўтар артыкулу нагадвае, што Расея зусім не сьпяшаецца разьвіваць свайго "брацкага суседа" (маецца на ўвазе Беларусь), не гатовая ісьці на вялікія выдаткі, але гэта не першкаджае Маскве ўплываць на Менск у палітычных справах. "Сегодня" спасылаецца на крыніцу ў камітэце Дзярждумы ў справах СНД , якая заявіла, што "галоўная мэта палягае ў распаўсюджваньні ўплыву Расеі на рэгіёны, найбольш важныя для яе ў гэапалітычным пляне".

XS
SM
MD
LG