Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У штаб-кватэры кандыдата ў дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў" Міколы Статкевіча былі вельмі зьдзіўленыя, калі да іх прыйшлі агітаваць за кандыдата ад улады вучні суседняе школы…

Справа ў тым, што перадвыбарчы штаб Міколы Статкевіча месьціцца ў звычайнай кватэры на тэрыторыі выбарчай акругі. Пра тое, што дзеці з суседняе 121 школы пачалі агітаваць за намесьніка старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Людмілу Бур'як, прадстаўнікі перадвыбарчага штабу даведаліся выпадкова. Да іх у кватэру прыйшоў вучань 6 клясы гэтае школы, які пачаў пытацца, ці пойдуць яны на выбары. На наступны дзень прыйшлі вучні 9-е клясы з улёткамі Людмілы Бур'як.

Мікола Статкевіч распавядае пра сытуацыю так:

(Статкевіч: ) "Таму што не хапае ўжо ні ўрачоў, ні настаўнікаў, дык яны пачалі здымаць цэлымі клясамі дзяцей з заняткаў і на чале з настаўнікамі пускаць па кватэрах. Нават учора да нас у офіс прыйшоў вучань 6 клясы 121 школы на чале са сваёй настаўніцай, якая выкладае прадмет "Вселенная". А сёньня ўжо 9 клясы зьнялі – яны разносяць улёткі. Нават у падрыхтоўчыя клясы дзеткам даюць улёткі, каб яны ў сваім пад'езьдзе кінулі". Мы рабілі фатаздымкі тых дзяцей: як яны ідуць з заняткаў з гэтымі улёткамі. Кранальнае відовішча."

Гэта быў Мікола Статкевіч.

Паводле інфармацыі спадара Статкевіча, у перадвыбарчай агітацыі занятыя вучні 121-е й 163-е школаў. Праўда, дырэктар 121-е школы Марыя Кіндырэнка гэтую інфармацыю абвяргае. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці хадзілі яе вучні па кватэрах з улёткамі, спадарыня Кіндырэнка адказала:

(Кіндырэнка: ) "Не, паводле той інфармацыі, якой валодаю я."

Гэта была дырэктарка 121-е школы Марыя Кіндырэнка.

Многія жыхары раёну пацьвярждаюць, што да іх прыходзілі агітаваць вучні. А фотаздымкі дзяцей з улёткамі Мікола Статкевіч ужо перадаў у недзяржаўныя газэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG