Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Намаганьнямі дыпляматаў розных краінаў палестынскія хваляваньні, а разам з тым – пратэсты ў арабскiх краінах супраць Ізраілю, удалося крыху суцішыць. Аднак, многія аналітыкі лічаць, што да аднаўленьня мірнага працэсу на Блізкім Усходзе яшчэ вельмі далёка. Аб гэтым пішуць многія заходнія выданьні

Ні міру, ні перамоваў – так азагалоўлены перадавы артыкул у сёньняшняй Washington Post.

Злучаныя Штаты Амэрыкі заўсёды падтрымлівалі працэс мірных ізраільска-палестынскіх перамоваў – піша газэта. Падтрымка гэтых перамоваў была безумоўнай, зыходзячы з таго, што Ізраіль меў зь КІМ іх весьці.

Апошнія хваляваньні сталі расплатай за такі падыход. Няясна нават, ці Арафат застаецца партнэрам, зь якім Ізраіль зможа паразумецца.

У 1993 годзе ў Осла было падпісанае пагадненьне, якое замацавала мэты, якіх маглі б дасягнуць абодва народы.

Для палестынцаў гэта незалежнасьць, для Ізраілю – стабільныя, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю межы і мір з суседзямі.

Ізраіль мусіў падрыхтаваць перадачу палестынскіх земляў пад кантроль саміх палестынцаў. А кіраўніцтва Палестыны забавязалася дамагацца дзяржаўнай незалежнасьці выключна шляхам перамоваў.

Пасьля рабаваньня, дапушчанага Арафатам – магільнага склепу сьвятога Іосіфа на Заходнім Беразе, урад Ізраілю цяпер шмат разоў падумае, перш чым перадаць Храмавую гару ў Ерузаліме пад сувэрэнітэт палестынцаў.

Адміністрацыя Клінтана пераканалася, што адзін з бакоў мірнага перамоўнга працэсу сабатуе яго. Вашнгтон баіцца зьмяншэньня сваёй ролі пасярэдніка ў мірных перамовах і ўплыву на палестынцаў. Таму ЗША ўсяго толькі ўстрымаліся пры галасаваньні ў Радзе бясьпекі ААН паводле рэзалюцыі з асуджэньнем Ізраілю.

Дзякуючы дыпляматычнай актыўнасьці, хваляваньні ўчора зьменшыліся, але не спыніліся.
Гэты працэс быў падрыхтаваны папярэднімі актамі гвалту: тэрактамі ісламскай групоўкі Хамас, масавымі беспарадкамі з-за археалягічных раскопак у старым Ерузаліме, забойствам прэмьер-міністра Ізраілю Іцхака Рабіна. Экстрэмізм з абодвух бакоў можа пусьціць пад адхон мірны працэс у кожны момант. Аднак, мірны працэс ня можа вытрываць, калі адзін з бакоў не адмовіцца ад гвалту і не пачне шчырыя перамовы – піша ў перадавым артыкуле Washington Post.

Брытанская Financial Times піша пра нэрововы настрой, які пануе зараз у арабскіх краінах.

Палестынскія ўцекачы ў лягеры каля сталіцы Іярданіі ня маюць ілюзыяў наконт дапамогі з боку арабскіх краінаў паўстанцам на Заходнім Беразе і ў сэктары Газа.

"Арабскія лідэры паведамілі, што яны накіруюць туды медычную дапамогу, але яны ніколі ня выступяць сумесна супраць Ізраілю. Чаму яны не спынілі пастаўкі нафты на Захад, чаму не разарвалі зносінаў зь Ізраілем? "– цытуе брытанская газэта словы аднаго з палестынскіх уцекачоў.

Нягледзячы на дэманстрацыі пратэсту ў арабскіх краінах, кіраўнікі большасьці зь іх імкнуцца не дапусьціць эскаляцыі канфлікту. З гэтай мэтай яны маюць сабрацца 21 кастрычніка ў Эгіпце на экстрэннай нарадзе.

Аднак, аналітыкі апасаюцца, што гэтых намаганьняў будзе недастакова. Сярод кіраўнікоў на Блізкім Усходзе нямала такіх, што даўно страцілі легітымнасьць, а таксама павагу народа, і гэта можа выліцца ў новыя акцыі пратэсту.

"Барацьба за Ерузалім аб"ядноўвае ўсіх арабаў, аднак за дэманстрацыямі за вяртаньне сьвятога места хаваецца, насамрэч пратэст супраць антынародных рэжымаў." Гэтымі словамі аднаго з аналітыкаў у праблемах Блізкага Усходу завяршаецца артыкул у Financial Times.

XS
SM
MD
LG