Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў Віцебску завяршыўся судовы працэс у справе Барыса Хамайды, Уладзіміра Плешчанкі, Дзьмітрыя Піменава. Наступная справа будзе разглядаца заўтра ў Воршы…

У тры этапы праходзіў судовы працэс у Чыгуначным раённым судзе Віцебску. Усё цягнулася так доўга, бо 9 разоў Барыс Хамайда і Ўладзімір Плешчанка былі затрыманыя пад час пікетаў каля сіняга дому, калі тлумачылі мінакам, чаму Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ не ўдзельнічае ў выбарах 15-га кастрычніка.

Сябры КХП БНФ апэлявалі да выбарчага заканадаўства, якое дазваляе свабодна праводзіць перадвыбарчую агітацыю. Але амаль ва ўсіх міліцэйскіх пратаколах фігуравала агітацыя за байкот выбараў.

На першых 2-х паседжаньнях судзьдзя Сьвятлана Туфан старанна шукала пацьвярджэньне гэтай вэрсіі. Яна зьмяніла сваю пазыцыю толькі на апошнім паседжаньні. Вынікам і стаў сёньняшні прысуд.

Агітацыя за байкот у ім ужо не ўзгадваецца. І за арганізацыю несанкцыянаваных пікетаў Барыс Хамайда і Ўладзімір Плешчанка мусяць выплаціць штраф 150 мінімальных заробкаў кожны. Гэта – 540 тысячаў беларускіх рублёў. Ці больш за 500 даляраў ЗША.

Дзьмітры Піменаў – удзельнік пікету, затрыманы двойчы – папярэджаны.

Празь некалькі гадзінаў пасьля азнаямленьня з прысудам Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда зноў сталі аб'ектам міліцэйскай увагі. Плешчанка паведаміў, што пад час таго, як яны з Хамайдам разносілі па паштовых скрынях "памяткі выбаршчыку", падрыхтаваныя інфармацыйным цэнтрам "Беларуская салідарнасьць", міліцыянты зрабілі спробу іх затрымаць.

Уладзімір Плешчанка ўцёк ад перасьледу, а Барыс Хамайда – затрыманы і дастаўлены ў Першамайскі РАУС.

Памочнік дзяжурнага Лабаноўскі паведаміў, што адтуль Хамайду павезьлі ў Першамайскі райвыканкам.

XS
SM
MD
LG