Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

3-ці зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў ухваліў курс беларускіх прафсаюзаў на рашучую абарону сваіх правоў ад гвалту ўладаў. Старшынём Фэдэрацыі пераабраны Ўладзімір Ганчарык…

Прычынаю цяперашняга супрацьстаяньня ўладаў і прафсаюзаў зьезд Фэдэрацыі назваў неабгрунтаваныя канстытуцыйныя зьмены ў Беларусі пад час лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году.

Як прагучала ў справаздачным дакладзе Ўладзімера Ганчарыка, наступствам гэтага сталася празьмерная канцэнтрацыя ўлады ў руках Аляксандра Лукашэнкі. І зараз гэтая ўлада кіруе краінаю без уліку інтарэсаў працоўных ды іхных прадстаўнікоў — прафсаюзаў. Рашучы пратэст Фэдэрацыі, паводле словаў ейнага лідэра, выклікаў агрэсіўныя антыпрафсаюзныя выпады ўладаў. Адказам на гэты гвалт сталі пратэсты…

Вось што паведаміў нашаму радыё на гэты конт Уладзімер Ганчарык:

"Людзі зрабіліся відушчымі й разумеюць, што трэба вучыцца абараняць сябе праз абарону прафсаюзных арганізацыяў. Такой, як зараз, кансалідацыі прафсаюзных шэрагаў не было ўжо шмат гадоў. І мы, каб вырашаць нашы прафсаюзныя задачы, будзем імкнуцца яшчэ больш актывізаваць гэты працэс. А менавіта: будзем умацоўваць прафсаюзы арганізацыйна й фінансава.

Сябры Фэдэрацыі не зьбіраюцца прыніжацца перад уладамі. Мы мусім разьвівацца як незалежныя арганізацыі", — зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Тэма канфлікту ўладаў і прафсаюзаў дамінавала ў выступах дэлегатаў і гасьцей зьезду. Старшыня ўраду Ўладзімер Ярмошын, абараняючы пазыцыю ўладаў, заклікаў прафсаюзы не падбухторваць працоўных да вулічных акцыяў пратэсту. У сваю чаргу, на думку прафсаюзных лідэраў, толькі зьмена ўладамі палітыкі здольная прыпыніць цяперашняе супрацьстаяньне. Гаворыць старшыня прафкаму варшанскага заводу "Аграпрамаш" Леанід Новікаў:

"Прэзыдэнт ня мае рацыі. Навошта закрываць рахункі Фэдэрацыі? Вядзецца вельмі непрыгожая "гульня" у дачыненьні да прафсаюзаў. Мы сьцьвярджаем, што трэба зарабляць больш грошай — каб лепш жылося шэраговаму чалавеку. Дык што тут кепскага — гавораць прафсаюзы?", — зазначыў Леанід Новікаў.

А вось меркаваньне яшчэ аднаго дэлегата зьезду — старшыні Менскае абласное рады прафсаюзу хімічнае, горнае ды нафтавае галінаў прамысловасьці Кузьмы Кашэўскага:

(Кашэўскі: ) "Улада ня вельмі хоча, каб людзям казалі праўду. Усе гэтыя прыкрасы, добрыя паказьнікі не дазваляюць нам такое самае рабіць сярод нашых працаўнікоў, сярод нашых сяброў прафсаюзу. Мы павінныя казаць праўду, бо мы маем іншыя сьведчаньні, іншую інфармацыю пра эканоміку і мы пра гэта гаворым праўду людзям. У нашай краіне гэтага ня любяць (вымаўлена падкрэсьлена)"

(Карэспандэнт: ) "Якую пазыцыю будуць займаць прафсаюзы пасьля сёньняшняга зьезду?"

(Кашэўскі: ) "На ўсё гэта трэба адказаць большай згуртаванасьцю і я б сказаў, што сярод аднадумцаў можна рабіць справу. Каб гэтых аднадумцаў было больш, трэба нам, прафсаюзным актывістам, быць сярод людзей".

XS
SM
MD
LG