Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 кастрычнiка 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 7 кастрычніка)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Беларускі фонд культуры выдаў энцыкляпэдычны даведнік "Славутыя імёны Бацькаўшчыны". Кніга прысьвечаная постацям змагароў за стварэньне й абарону ліцьвінска-беларускае дзяржаўнасьці, а таксама асьветнікаў, літаратараў, навукоўцаў. Большасьць прадстаўленых у даведніку гістарычных асобаў, насуперак ягонай назьве, мала вядомыя нашым сучасьнікам. Прэзэнтацыя кнігі "Славутыя імёны Бацькаўшчыны" прайшла ў Дзень работнікаў культуры — 6 кастрычніка.

У музэі-гасьцёўні Ўладзіслава Галубка, што ў Траецкім прадмесьці, адчынілася выстава "Беларусь шматгалосая: нацыянальны вобраз у сцэнічным аўтарскім касьцюме". У экспазыцыі прадстаўленыя каля сотні варыянтаў беларускага народнага строю, якія можна ўбачыць на канцэртах і тэатральных масьніцах (збольшага ў Купалаўскім тэатры). Аўтарка выстаўленых строяў і эскізаў да іх — тэатральная мастачка Айша Аляксандровіч.

Адна з вуліцаў сталіцы Швайцарыі Бэрна перайменаваная ў гонар нашае зямлячкі Ганны Тумаркінай, знакавае постаці для міжнароднага жаночага руху. Тумаркіна нарадзілася ў 1875 годзе ў мястэчку Дуброўне на Віцебшчыне й першай сярод жанчынаў Эўропы сталася доктарам філязофіі.

У бібліятэцы імя Янкі Купалы адчынілася выстава дзіцячага малюнку "Я малюю маці". Наладзілі яе Асацыяцыя шматдзетных бацькоў і таварыства культурніцкіх сувязяў "Нарвэгія — Балтыя — Беларусь". На адкрыцьці выставы сьпявалі беларускія барды.

На віцебскіх могілках аматары каляровых мэталяў скралі бронзавыя бюсты адразу адразу пяцёх народных артыстаў Беларусі, былых зорак Коласаўскага тэатру — Аляксандра Ільінскага, Якуба Буракова, Анатоля Труса, Уладзімера Куляшова і Анатоля Шэляга. Больш прыемная навіна: з рукі менскага помніка Пушкіну невядомыя скралі пяро, якім расейскаму клясыку здаралася пісаць шавіністычныя вершы.

Заўтра ў Менску пачнецца міжнародны фэстываль экспэрымэнтальнага кіно й відэа-арту — практычна невядомых у Беларусі жанраў мастацтва. Ладзяць імпрэзу Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва й Польскі Інстытут, на просьбу якога першапачатковая назва фэстывалю "Аксамітная дрыгва" была зьмененая на менш эпатажную назву "Праекцыі". У нядзелю паказы стужак беларускіх і эўрапейскіх відэамастакоў адбудуцца ў кіназалі Саюзу кінэматаграфістаў, а ў наступныя два дні — у Маладзёвым тэатры і ў галярэі "Nova".

Грамадзянскае аб'яднаньне абароны жывёлаў "Каштанка" наладзіла ў актавай залі Мэдычнага інстытуту дабрачынны канцэрт на карысьць стварэньня ў Менску прытулку для бадзяжных жывёлаў. Разам зь людзьмі канцэрт назіралі коткі й сабакі, якіх прывялі з сабою многія гледачы. Усе спробы актывістаў аб'яднаньня выпрасіць неабходныя для прытулку сродкі ў гарадзкім выканкаме скончыліся безвынікова. Тым ня менш праваахоўнікі нашых бязмоўных братоў абяцаюць дамагчыся ад беларускіх уладаў адпаведных зьменаў у заканадаўстве і, у тым ліку, абвешчаньня дня 4 кастрычніка дзяржаўным сьвятам — Днём абароны жывёлаў.

XS
SM
MD
LG