Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Нарастае напружанасьць сярод кліентаў камэрцыйнага банку "Белбалтыя". Нядаўняе вяртаньне яму генэральнае ліцэнзіі на валютныя апэрацыі ня зьменшыла пагрозы банкруцтва. Шмат хто з кліентаў занепакоены гэтым.

Кіраўніцтва "Белбалтыі" зараз спрабуе пераканаць сваіх кліентаў у часовасьці фінансавых цяжкасьцяў. Як вынікае з тлумачэньняў прадстаўнікоў банку, "Белбалтыю" палохае пагроза панікі сярод грамадзянаў, якія даверылі ёй свае зьберажэньні. Прадухіліць паніку намагаецца й Нацыянальны банк.

Пры гэтым спадар Пракаповіч і ягонае атачэньне лічаць, што крызыс "Белбалтыі" стаўся вынікам памылковае палітыкі кіраўнікоў гэтага банку. А вось меркаваньне на гэты конт незалежнага экспэрта — эканаміста Валерыя Дашкевіча:

(Дашкевіч: ) "На мой погляд, справа ня ў тым, што кіраўніцтва банку рабіла нейкія памылкі. Проста ў банка была свая стратэгія. Правілы банкаўскай дзейнасьці ў нас мяняюцца даволі часта, і калі зьмяніліся ўмовы, у іх узьніклі праблемы. На мой погляд Нацыянальны банк Беларусі ня будзе прымаць ніякіх радыкальных захадаў да "Белбалтыі", таму што агульная сума грошай насельніцтва, асабліва валютных укладаў, даволі вялікая, і спыняць дзейнасьць банку – гэта Нацыянальнаму банку ўзяць на сябе выплату ўсіх гэтых дэпазытаў валютных",

— зазначыў Валеры Дашкевіч.

На сёньняшні дзень валютныя ўнёскі на рахунках "Белбалтыі" складаюць амаль 20 мільёнаў даляраў. Вярнуць іх некалькім тысячам грамадзянам за месяц і нават за год прыватны банк, зразумела, ня ў стане. Не зьбіраецца дапамагаць у гэтай справе й Нацыянальны банк…

Зрэшты, чаго вартая такая дапамога, сьведчыць сумны досьвед яшчэ аднаго камэрцыйнага банку — "Пошуку". Ягоная завінавачванасьць перад грамадзянамі складала 10 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на актыўныя намаганьні Нацыянальнага банку, "Пошук" дагэтуль ня здолеў разьлічыцца з кліентамі. Зараз у судзе Савецкага раёну Менску знаходзіцца 90 выканаўчых лістоў на вяртаньне грошай. Аднак працэс гэтага вяртаньня, на думку карыстальнікаў "Пошуку", надта марудны. І спатрэбіцца не адзін год, каб банк выканаў перад імі свае фінансавыя абавязкі.

Тым часам, паводле меркаваньняў аналітыкаў, усьлед за "Пошукам" і "Белбалтыяй" бяда пагражае і яшчэ шэрагу айчынных банкаў. Найперш, дробных. Як і вялікія банкі, іх прымушаюць крэдытаваць дзяржаўныя праграмы. Між тым, невялікія банкаўскія ўстановы з прычыны недахопу фінансавых рэсурсаў ня ў стане выконваць такія дырэктывы. У дачыненьні да іх павінна быць іншая дзяржаўная палітыка.

Гаворыць Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) "Справа ў тым, што такія невялікія недзяржаўныя банкі ці сярэднія памерам як "Белбалтыя, яны арыентаваныя не на тое, каб укладаць грошы ў нашую прамысловасьць ці ў сельскую гаспадарку. Нашае вышэйшае кіраўніцтва ня вельмі добра разумее асаблівасьці фінансавых рынкаў. На фінансавых рынках можна зарабляць грошы ня меншыя, чым укладаючы іх у прамысловасьць. Для нашага ж кіраўніцтва гэта нонсенс. Яны лічаць, што чым больш мы мэталу перавялі ў нейкія станкі, тым лепш",

— лічыць эканаміст Валеры Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG