Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ў Жабiнцы — раённым цэнтры ў Берасьцейскай вобласьцi — прайшоў суд над Генадзем Самойленкам, якога абвiнавацiлi ў агiтацыi жыхароў гэтага гораду за няўдзел у выбарах у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў». А ў Берасьцi адбылiся чарговыя затрыманьнi тых, хто заклiкае байкатаваць гэтыя выбары.

Генадзь Самойленка быў затрыманы ўранку 3 кастрычнiка на чыгуначнай станцыi Жабiнка й дастаўлены ў мясцовы РАУС, дзе яго чакала ня толькi раённае, але й абласное мiлiцэйскае начальства. Там на яго быў складзены пратакол за нiбытае парушэньне заканадаўства ў выбарах.

Спадара Самойленку абвiнавацiлi ў тым, што ўвесь горад залеплены агiтацыйнымi матэрыяламi, скiраванымi на байкот выбараў у «Палату прадстаўнiкоў», i распаўсюджвае гэтыя матэрыялы менавiта ён. Пасьля гэтага затрыманага апазыцыянэра адвезьлi ў Жабiнкоўскi раённы выканкам, а потым — у раённы суд. Але ў той дзень суд не адбыўся, бо Генадзь Самойленка запатрабаваў сабе грамадзкага абаронцу.

Сёньня, не зважаючы на довады юрыста правабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзiмера Малея, суд прызнаў Самойленку вiнаватым i забавязаў сплацiць штраф памерам тры мiнiмальныя заробкi.

Тым часам 6 кастрычнiка ў Берасьцi быў затрыманы кiраўнiк абласное філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзiмер Вялiчкiн. А 12-й гадзiне ён зьявiўся ля ўваходу ў цэнтральную ўнiвэрсальную краму гораду зь плякатам, на якiм было напiсана: «Я на выбары не пайду. Усё роўна падмануць. Аляксандар Лукашэнка. 1995 год». Такiм чынам спадар Вялiчкiн вырашыў нагадаць берасьцейцам словы першага беларускага прэзыдэнта пад час папярэднiх выбараў у парлямэнт. Адначасова Ўладзiмер Вялiчкiн распаўсюджваў улёткi зь заклiкам байкатаваць выбары i ўзяць удзел у мiтынгу, што адбудзецца ў Берасьцi 8 кастрычнiка.

Разам зь Вялiчкiным былi затрыманыя яшчэ тры чалавекi — Васiль Андрасюк, Сяржук Грынь i Вiктар Апаляўчук. Iх адвезьлi ў Ленiнскi РАУС: пасьля адпаведнае нарады мiлiцэйскае кiраўнiцтва вырашыла не складаць пратаколаў, а толькi перапiсаць прозьвiшчы i адрэсы затрыманых. Мiлiцыя сканфiскавала вышэйзгаданы плякат, а вось улёткi былi вернутыя i хутчэй за ўсё будуць распаўсюджаныя напярэдаднi мiтынгу ў блiжэйшую нядзелю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG