Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня на судовым працэсе карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага у Махачкале пракурор папрасіў прызнаць журналіста вінаватым і пакараць яго штрафам у 150 мінімальных заробкаў.

Працэс у Савецкім судзе Махачкалы пачаўся ў панядзелак. Больш чым паўгады пракуратура вяла сьледчыя дзеяньні, спрабуючы даказаць вінаватасьць журналіста. Бабіцкага абвінавачваюць паводле часткі трэцяй артыкулу 327-га Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі ў сьвядомым выскарыстаньні падробленых дакумэнтаў.

Нагадаем, што пасьля таго, як на працягу некалькіх тыдняў людзі з расейскіх спэцслужбаў прымусова ўтрымлівалі яго, Бабіцкаму было прапанавана скарыстаць пашпарт на іншае імя, каб выйсьці з палону. Ён быў затрыманы міліцыяй, і была ўзбуджаная крымінальная справа.

Гісторыя з Андрэем Бабіцкім акцэнтавала ўвагу ўсясьветнай супольнасьці на стаўленьні Крамля да свабоды слова і на мэтадах, якія скарыстоўваюць расейскія ўлады ў Чачні. Падзеі вакол Бабіцкага ўспрымаліся як помста ўладаў за незалежную пазыцыю. Паводле прапановы Алены Боннэр, Бабіцкі быў ўзнагароджаны прэміяй АБСЭ, аднак расейскія ўлады ня выпусьцілі яго ў Бухарэст на цэрымонію ганараваньня прэміяй.

Старшынюе на судзе судзьзя Ігар Ганчароў, у якасьці абвінаваўцы выступае начальнік аддзелу пракуратуры Дагэстану Рашыдхан Магамэдаў. На судзе Бабіцкі не прызнаў сябе вінаватым.

Выглядае, што нягледзячы на даволі доўгі тэрмін сьледства, пракуратура мае пэўныя цяжкасьці з доказам віны Бабіцкага.

Даволі паказальныя ў гэтым сэнсе паводзіны міліцыянта Гусэйнава, які выступае на працэсе ў якасьці сьведкі. Менавіта ён затрымліваў Бабіцкага, калі той пакінуў тэрыторыю Чачні. Спачатку міліцыянт заявіў, што ў той дзень Бабіцкі аразу назваў сваё сапраўаўднае прозьвішча, і толькі потым паказаў пашпарт на імя Мусаева. Такое сьведчаньне цалкам парушала вэрсію, якую высунула пракуратура, і пацьвярджала, што Бабіцкі, па-першае, з самага пачатку ня меў намеру падманваць прадстаўніка дзяржавы, а па-другое, скарыстаў сумнеўны дакумэнт выключна ў мэтах уласнае бясьпекі. Што выстаўляе Бабіцкага не ў асобе зламысьніка, як таго дамагаецца пракуратура, а – ахвярай. Бабіцкі заявіў на судзе, што ня меў ніякага іншага выбару, акрамя як скарыстаць перададзены яму пашпарт.

Дык вось, на судзе высьветлілася, што ў пісьмовых паказаньнях міліцыянта ўтрымліваецца іншая версія падзеяў, а ў рапарце на імя міністра ўнутраных справаў – трэцяя вэрсія.

Шэраг наглядальнікаў адзначаюць пэўны парадокс, які палягае ў тым, што Бабіцкі, які ў сьвеце ўспрымаецца як ахвяра, фігуруе на судзе ў якасьці абвінавачанага. Пра гэта сказаў журналістам і адвакат Бабіцкага Генры Рэзьнік. Сам Бабіцкі не выключае магчымасьці падаць сустрэчны пазоў да шэрагу службовых асобаў, якія спачатку арганізавалі ягоны гэтак званы "Абмен" на расейскіх вайскоўцаў, а потым хавалі інфармацыю пра месцазнаходжаньне журналіста.

Пакараньне, якое сёньня запрасіў прадстаўнік пракуратуры, самае мяккае – артыкул, паводле якога судзяць Бабіцкагга, прадугледжвае і зьняволеньне на тэрмін да шасьці месяцаў. Для пракуратуры, аднак, прынцыпова істотна абвесьціць Бабіцкага вінаватым. Бо ў супрацьлеглым выпадку ўся гісторыя вакол Бабіцкага пацьвердзіць маральную заганнасьць пазыцыі ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG