Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Палітычны крызыс ў Югаславіі абвастраецца. На заклік апазыцыі ў краіне праходзяць страйкі і масавыя акцыі пратэсту. Апазыцыя лічыць, што яе кандыдат Ваіслаў Каштуніца атрымаў перамогу ў першым туры выбараў 24 верасьня. Але ўчора Канстытуцыйны суд Югаславіі прыняў пастанову пра адмену вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

New York Times у сваім сёньняшнім нумары цытуе словы Каштуніцы, які назваў рашэньне Канстытуцыйнага суду "пасткаю". Нагадаем, што апазыцыя зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд з просьбаю канстатаваць фальсыфікацыю выбараў. Але Суд увогульле прызнаў несапраўдным першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, што праходзілі 24 верасьня. Старшыня суду Мілуцін Срдзіч сёньня патлумачыў вердыкт наступным чынам: "Гэта азначае, што выбары прэзыдэнта мусяць прайсьці з самага пачатку".

Ён падкрэсьліў, што другі тур, намечаны на гэтую нядзелю, ня мусіць праводзіцца, і дадаў, што Слабадан Мілошавіч можа застацца на прэзыдэнцкай пасадзе да ліпеня будучага году. New York Times лічыць, што апазыцыя зараз апынулася перад цяжкім выбарам: ці ёй пайсьці на паўтор першага туру з той жа рызыкаю фальсыфікацыі, ці паспрабаваць скінуць Мілошавіча праз вулічны ціск, ці дамагацца міжнароднага пасярэдніцтва, каб забясьпечыць справядлівы падлік галасоў у першым туры.

Газэта, аглядаючы падзеі ўчорашняга дня, выказвае меркаваньне, што Мілошавіч можа прывесьці да прысягі новы парлямэнт, а той прызначыць новую дату выбараў, дазволіўшы яму застацца прэзыдэнтам да лета. Але, як бачым, сёньня такую магчымасьць Мілошавічу ўжо прадаставіў Канстытуцыйны суд. Так што падаецца верагодным, што апазыцыя зробіць выбар на карысьць так бы мовіць "вулічнага" варыянту.

Да яго схіляе і разьвіцьцё падзеяў. New York Times распавядае пра сутычкі з паліцыяй шахцёраў-забастоўшчыкаў у горадзе Калубара. Паліцыя спрабавала заняць шахты, але забастоўшчыкі выклікалі дапамогу з суседніх гарадоў і не пусьцілі паліцыю. Перад шахцёрамі ў Калубары выступіў Ваіслаў Каштуніца, які заявіў, што парушальнікі закону – не забастоўшчыкі, а тыя, а дакладней, той, хто зфальсыфікаваў волю народа.

Wall Street Journal у сваёй сёньняшняй публікацыі зьвяртае ўвагу на тое, што падчас падзеяў у Колубары ўпершыню за 13 гадоў праўленьня Мілошавіча паліцыя ня выканала загад. Газэта мяркуе, што калі паліцыя адмовіцца выконваць загады, лёс Мілошавіча будзе вырашаны за лічаныя дні.

Financial Times у невялічкай нататцы прыводзіць цікавыя дадзеныя пра эканамічную залежнасьць Югаславіі ад Расеі. Запазычанасьць Бялграду перад Газпрамам складае 400 млн. даляраў. Financial Times спасылаецца на прадстаўніка расейскага Газпраму, які сказаў, што кампанія можа працягнуць пастаўкі, калі доўг будзе аплочаны ці Бялградам ці Масквою. Прадстаўнік газавага канцэрну падкрэсьліў, што гэта палітычнае рашэньне, якое залежыць ад Пуціна.

Наконт ролі Расеі ў югаслаўскім крызысе разважае аглядальнік Washington Post. Ён адзначае, што ў апошнія дні амэрыканскія прадстаўнікі спрабавалі пераканаць Расею, каб яна прымусіла Мілошавіча прызнаць перамогу Каштуніцы. Але Пуцін згадзіўся выступіць толькі пасярэднікам і запрасіў у Маскву на перамовы і Мілошавіча, і Каштуніцу, што, паводле Washington Post, не выклікала зацікаўленасьці ні ў воднага з бакоў.

Гэтая тэма ўзьнікла і падчас дэбатаў кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ЗША Ала Гора і Джорджа Буша. Менавіта Буш прапанаваў выкарыстаць уплыў Расеі для пошуку выхаду з югаслаўскага тупіку. Ягоны апанэнт сказаў, што гэтая ідэя ў пэўных варунках была б неблагою, але нагадаў, што Масква, ў адрозьненьне ад Захаду, не прызнала перамогі Каштуніцы. "Я ня ўпэўнены, што нам варта запрашаць прэзыдэнта Пуціна пасярэднічаць ў гэтым канфлікце, бо нам можа не спадабаецца вынік гэткага пасярэдніцтва" – заўважыў кандыдат у прэзыдэнты ЗША Ал Гор.

XS
SM
MD
LG