Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


(эфір 4 кастрычніка)
Роўна 20 год таму, 4 кастрычніка 1980 году, у аўтамабільнай катастрофе загінуў першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў. Яго асобу абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

(Навумчык: ) "На Ваш погляд, у чым палягае фэномэн Машэрава? 20 год як чалавек пайшоў з жыцьця, і тым ня менш, яго памятаюць, ён застаецца нейкім своеасаблівым сымбалем? Дарэчы, сымбалем чаго?"

(Дракахруст: ) "Здаецца, што адной з прычынаў таго, чаму Машэраў застаўся ў народнай памяці, зьяўляецца тое, што на даволі бляклым фоне беларускіх партыйных сакратароў гэта была даволі яркая асоба.
Можна згадаць самы пачатак ягонага палітычнага жыцьця, калі школьны настаўнік пайшоў у партызаны і атрымаў Зорку Героя ў адрозьненьне ад шмат каго не за партыйную працу, а за партызанку – усё ж такі Зоркі Героя ў партызанцы проста так не давалі. Тут таксама можна зьвярнуць увагу і на ягоную загадкавую сьмерць, якую і тады шмат хто разглядаў, і зараз разглядае, як забойства".

(Навумчык: ) "Наконт сьмерці Машэрава… Я памятаю ў тыя дні Менск. Сапраўды, на пахаваньні было вельмі шмат людзей, і гэтая пагалоска, што яго забілі, яна і цяпер існуе. Яна наклалася на нейкае рэнамэ Машэрава як на канкурэнта Брэжнева. Хаця вось цяпер вядома, і пра гэта напісала дачка Машэрава Натальля (прынамсі, я згадваю публікацыю ў газэце "Совершенно секретно"), што за некалькі дзён да сьмерці Машэраў быў запрошаны да Брэжнева і яму было прапанавана заняць пасаду Касыгіна, старшыні Савету міністраў СССР – фактычна другой асобы ў СССР. Больш за тое, сям'я ўжо нават купіла мэблю, каб ехаць у Маскву. Такім чынам, калі і былі канфлікты, дык гэта былі канфлікты з Брэжневым рабочыя. Тым ня менш, шлейф загадкавай сьмерці ідзе, і ў сьвядомасьці шмат каго адклалося, што яго забілі. А вось што яшчэ? Вы кажаце, што ён быў выбітнай пэрсонай…ну коштам свайго, скажам, партызанскага юнацтва. Але апошнія 15 гадоў яго працы на пасадзе першага сакратара ЦК ён ня вызначаўся з кола астатніх членаў Палітбюро…"

(Дракахруст: ) "Я б параўнаў Машэрава зь іншымі прадстаўнікамі партыйнай герархіі – выхадцамі з Беларусі. Тут варта адзначыць, што для беларускіх партыйных чыноўнікаў ход на вяршыні гэтай герархіі быў, у прынцыпе, адкрыты. Там было даволі шмат…Дастаткова назваць імёны Зімяніна, Шаўра, першы, зразумела, Грамыка…"

(Навумчык: ) "Мазураў…"

(Дракахруст: ) "Мазураў, сапраўды. Але гэтыя людзі былі зьвязаныя з Беларусьсю… ну фактам свайго нараджэньня і фактам працы пэўны час. Яны маглі працаваць і ў Туркмэністане, і ў Эстоніі, але лепш, зразумела, у цэнтры імпэрыі, у Маскве. Усё ж у Машэрава (так здаецца, ці так адбілася ў памяці народнай) была нейкая прывязанасьць да Беларусі. Так, быў прававерным камуністам, але быў, у пэўнай ступені, беларускім камуністам. Гэта не было нават нацыянал-камунізмам, як гэта ў свой час было на Ўкраіне, але нейкі прывід, нейкі блік нацыянальнага камунізму ўсё ж такі ў Машэрава быў".

(Навумчык: ) "Тут я з Вамі пагаджуся. Вы вельмі правільна адзначылі пра прывід нацыяналізму, таму што, мне здаецца, як пра нацыянальнага ў поўным сэнсе, беларускага ў поўным сэнсе пра Машэрава гаварыць нельга. Ва ўсялякім разе, можа я і памыляюся, але наколькі мне вядома, нідзе Пётар Міронавіч не выступаў па-беларуску. Гэта раз. Другое, гэта вядомая гісторыя канца 60-х гадоў зь Нямігай, калі на загад Машэрава пачала руйнавацца Няміга, і толькі артыкул тагачаснага навуковага супрацоўніка Зянона Пазьняка, які быў прасунуты тагачасным карэспандэнтам газэты "Правда" па Беларусі Генадзем Бураўкіным, у "Правде" уратаваў некалькі будынкаў, сярод якіх і Купалаўскі тэатр. Тым ня менш, быў і другі бок. Ён адыграў станоўчую ролю ў біяграфіі Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, і мы можам прыгадаць, што ў Беларусі ў адрозьненьне ад іншых рэспублікаў, не было рэпрэсіяў у дачыненьні да інтэлігенцыі, за выняткам некалькіх асобаў".

(Дракахруст: ) "Я б таксама працягнуў тую тэму, што Вы кажаце. Вядома, што ў Машэрава было асабістае сяброўства з шэрагам беларускіх пісьменьнікаў. Так, цалкам прававерных, цалкам камуністычных, але, напрыклад, я ведаю, што калі хварэў Куляшоў, Машэраў да яго асабіста езьдзіў у шпіталь. Ні па якіх камуністычных абавязках ён ня быў абавязаны гэта рабіць, і калі лінія на русіфікацыю, апроч усяго, была і ягоным партыйным абавязкам, які дыктаваўся з Масквы, то вось гэтае стаўленьне і да прававерных пісьменьнікаў, і да, як Вы пералічылі, неправаверных – да Быкава, да Караткевіча – гэта быў асабісты выбар Машэрава. Я ізноў жа кажу, магчыма, гэта нейкі прывід, нейкі цень нацыянальнай палітыкі. Гэта можа быць нейкая форма рэгіяналізму. Паколькі сьвядомасьць беларусаў і, асабліва, тады, і, нават, зараз гэты рэгіяналізм, так бы мовіць, асноўны накірунак – ён быў каштоўны".

XS
SM
MD
LG