Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Жонка Віктара Ганчара зьвярнулася з заяваю ў пракуратуру да сьледчага, які вядзе крымінальную справу пра зьнікненьне яе мужа. Зінаіда Ганчар патрабуе, каб супрацоўнікі пракуратуры дапыталі намесьніка старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які ў адной зь перадачаў заявіў пра дачыненьне крымінальных структураў да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў.

У сваёй заяве ў пракуратуру Зінаіда Ганчар спасылаецца на тэлепраграму "Рэзананс" ад 1 кастрычніка. Паколькі сьледчыя казалі Зінаідзе пра тое, што вэрсія дачыненьня крымінальнікаў да выкраданьня яе мужа ў ходзе сьледзтва не пацьвердзілася, яна просіць іх даць афіцыйнае тлумачэньне той інфармацыі, што паведаміў Аляксандар Зімоўскі. Да заявы Зінаіда Ганчар дадала тэкст выступу Зімоўскага, у якім сьцьвярджаецца, нібы апазыцыя мае шчыльную сувязь з крыміналам і нібы зьніклыя палітыкі былі зьвязаныя з крымінальнікамі ды аўтарытэтамі злачыннага сьвету.

Зінаіда Ганчар паведаміла радыё Свабода:

"Мне добра вядома, што вэрсія пра йснаваньне ў Беларусі крымінальных структураў, не падкантрольных уладзе, была агучаная яшчэ ў верасьні Сазонавым. Многія эўрапейскія дыпляматы тады ўхапіліся за гэтую вэрсію.

Але я добра ведаю, што ў Беларуі, як у паліцэйскай дзяржаве, ня можа быць ніякіх не падкантрольных уладзе груповак. Паколькі тут увесь крыміналітэт, як і бізнэс, нефармальна падпарадкоўваецца рэжыму. Гэтая вэрсія была вельмі зручная ўладам, паколькі ўсе гучныя крымінальныя справы можна было сьпісваць на крымінальныя "разборкі".

Але ж сам Лукашэнка абвяргае гэтую вэрсію. У прыватнасьці, апошнім часам у сваіх выступах ён кажа, што ўсе крымінальныя групоўкі або ліквідаваныя, або ўзятыя пад кантроль улады. Таму выступ Зімоўскага мяне вельмі зьдзівіў — ён супярэчыць таму, што казаў Лукашэнка. І, таму, калі Зімоўскаму вядома нешта такое, пра што ня ведае сьледзтва — ён мусіць паведаміць, каб паспрыяць расьсьледваньню.

Калі высьвятліцца, што Зімоўскі чарговы раз схлусіў, дык я ня ведаю зараз, як яго прыцягнуць да адказнасьці. Усё да такой ступені падпарадкоўваецца аднаму чалавеку, што пры такіх умовах дамагчыся справядлівасьці немагчыма. Зараз ва ўсіх гэтых "рэзанатараў" разьвязаныя рукі, і яны могуць казаць усё, што ім заўгодна, і абражаць нас. Але гэта пакуль. Пакуль…"

Так пракамэнтавала Зінаіда Ганчар сваю заяву ў пракуратуру.

XS
SM
MD
LG