Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Чарговы скандал у агiтацыйнай кампанii ў выбарах у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў»: у Берасьцi мясцовая газэта адмовiлася друкаваць перадвыбарчую праграму аднаго зь кандыдатаў у дэпутаты, кiраўнiка гарадзкой арганiзацыi Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыi «Народная Грамада» Георгiя Руцкага. Рэадкцыя спаслася на тое, што тэкст публiкацыi ня быў узгоднены ў гарадзкім выканкаме.

Георгi Руцкi быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты ў Берасьцейскай Заходняй выбарчай акрузе №1 шляхам збору подпiсаў грамадзянаў. Старшыня мясцовае фiлii БСДП «Народная Грамада» вырашыў скарыстацца статусам кандыдата й надрукаваць у газэце «Вечерний Брест» сваю перадвыбарчую праграму (дарэчы, гэтак жа паступiлi i ягоныя дзевяць канкурэнтаў у згаданай выбарчай акрузе).

Але калi спадар Руцкi падаў сваю праграму ў рэдакцыю, яму было заяўлена, што спачатку тэкст трэба ўзгадняць зь мясцовай «вэртыкальлю» i асабiста з кiраўнiком справамi гарадзкога выканкаму Вiктарам Харытановiчам. Спробы лiдэра берасьцейскiх сацыял-дэмакратаў давесьцi супрацоўнiкам рэдакцыi, што гэтае патрабаваньне супярэчыць заканадаўству, посьпеху ня мелi. Знайсьцi на працы самога Харытановiча аказалася таксама складана — у вынiку тэкст плянуемае публiкацыi быў адпраўлены па факсу.

Калi спадар Руцкi зноў зьявiўся ў рэдакцыi газэты «Вечерний Брест» яму паведамiлi, што ў гарадзкім выканкаме настойлiва прапануюць унесьцi зьмены ў зьмест перадвыбарчае праграмы. Як высьветлiлася, мясцовую «вэртыкаль» не задавальняюць тыя моманты ў агiтацыйных матэрыялах Георгiя Руцкага, дзе ён крытычна выказваецца пра дзейнасьць свайго канкурэнта на выбарах, цяперашняга дэпутата «Палаты прадстаўнiкоў» Уладзiмера Плецюхова. Менавiта Плецюхова называюць у гэтай акрузе кандыдатам ад гэтак званае партыi ўлады. Спадар Руцкi адмовiўся зьмяняць зьмест сваёй праграмы i пакiнуў яе ў рэдакцыi ў першапачатковым выглядзе.

У чарговым нумары газэты былi зьмешчаныя перадвыбарчыя матэрыялы ўсiх кандыдатаў у гэтай акрузе, акрамя Георгiя Руцкага. Пад ягоным фатаздымкам i бiяграфiчнымi зьвесткамi зьявiлася тлумачэньне: быццам бы актывiст «Народнае Грамады» своечасова не падаў у рэдакцыю тэкст сваёй праграмы.

Георгi Руцкi лiчыць гэтыя дзеяньнi мясцовае «вэртыкалi» й падкантрольных ёй сродкаў масавай iнфармацыi грубым парушэньнем закону, i фактычным увядзеньнем цэнзуры. Як стала вядома, у Берасьцi практычна ўсiх кандыдатаў у дэпутаты забавязваюць узгадняць у гарадзкім выканкаме свае выступы ў друку.

XS
SM
MD
LG