Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гальшанскія прывіды - 2


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 5 Кастрычніка 2000 г.)

Удзельніца: Часлава Акулевіч, Ягор Маёрчык.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Выслухаўшы дзясяткі жахлівых гісторыяў, мы адчулі сябе разгубленымі. Зноў паблукалі па руінах замку, па беразе рэчкі ля драўлянага млыну. Вярнуліся ў кляштар. Прайшліся па верхніх галярэях, якія дасюль не кранула рука рэстаўратара. На сьценах мы бачым адбіткі часу. Людзі нямала пазьдзекваліся над забудоваю. Вось у мураванай падлозе шэраг дзірак. Тут у ХІХ стагодзьдзі расейскія жаўнеры зрабілі прыбіральню. Падумалася — будынак мае права на помсту.

Рамантычная атмасфэра Гальшанскіх пэйзажаў, інтэр'ераў, забудоваў, схіляла да веры ў незвычайнае. Розум патрабаваў, памятаеце, як у Булгакава, "выкрыцьця нячыстае сілы". Мой калега й сябра, Ягор, першым вымавіў у слых супярэчнасьць: побач з культавым будынкам, у доме, дзе жылі манахі, жывуць прывіды, яны стварэньні боскія ці д'ябальскія?"

Шукаючы тлумачэньняў, мы, натуральна, захацелі выслухаць погляд тэалягічны. Нас прыняў айцец Багуслаў. Ён прыехаў з Польшчы. І жыве празь сьцяну з кляштарам. Сам пакуль што дзіўнага нічога ня бачыў, але, паводле ягоных словаў, каталіцкая царква такія зьявы тлумачыць тым, што душы памерлых могуць нагадваць жывым пра іхныя абавязкі перад нябожчыкамі. Да прыкладу, пахавалі іх ня там, дзе яны хацелі, або не замовілі памінальную імшу. Мо' тут адказ? І мы зноў зьвяртаемся да нашага гіда, дырэктаркі Гальшанскае філіі Нацыянальнага музэю Беларусі Чаславы Акулевіч. І зноў зь яе вуснаў — легенды, а мо' — праўда?

…Вось мы зараз знаходзімся ля скляпеньня, дзе ў скрынях захоўваюцца косткі памерлых людзей. Тут, як я разумею, былі пахаваньні. Але спакой памерлых парушаны. Магчыма, гэтым можна патлумачыць зьяўленьне прывідаў?"

(Акулевіч: ) "Вы маеце рацыю. Кляштар наш гэтак пабудаваны, што меў пераход да касьцёлу. Гістарычна даказана, што пад кляштарам знаходзіліся побытавыя скляпы, а пад касьцёлам былі захаваньні самога Сапегі. Побач зь ім пахаваныя тры ягоныя жонкі, дзеці, сьвятары.

Вядома, што ва ўсе часы йснавалі марадзёры. Мы знайшлі нішы для захаваньняў, якія адносяцца да канцу XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. Натуральна, што трунаў там не было. Толькі знайшлі раскіданыя косьці…

Ужо за царом, у 1834 годзе, кляштар быў зачынены. Тут стаялі войскі — і расейскае, і польскае, і нават францускае пад началам Напалеона. Усе яны тут спыняліся й адпачывалі. Пасьля II Ўсясьветнае вайны тут быў разьмешчаны дзіцячы дом.

І мне запомніўся расповед аднаго навукоўцы з Магілеву, як руйнаваўся касьцёл. Ён расказваў: "Мяне, шчуплага і вёрткага хлапчука, падвялі да дзіркі выхавацелі. Яна была прабітая да скляпеньня, дзе былі пахаваныя вядомыя асобы". Далі ліхтарык і спусьцілі яго на вяроўцы разам зь яшчэ адным хлопчыкам да жалезных трунаў. Яны спрабавалі ўзарваць гэтыя труны, але безвынікова. Толькі перад сякераю здалася адна труна.

Расказваў, што там ляжаў мужчына з доўгай барадою і апрануты ён быў вельмі важна. На грудзях яго ляжаў крыж, рукамі ён трымаў кніжку, а на галаве — карона. Да іх спусьціліся яшчэ некалькі маленькіх дзікуноў і яны пачалі хапаць усё, што прыглянулася. Дзіўна, але ва ўсіх іх склалася ўражаньне, што гэты чалавек хоча падняцца. Натуральна… — перад іх вачыма ён стаў рассыпацца.

Зь дзікімі крыкамі яны выскачылі з гэтага скляпеньня. Адзін хлопчык схапіў крыж, а чалавек, які мне расказваў гэтую гісторыю, захапіў кніжку, якая, як потым аказалася, была ў скураным пераплёце. Гэта быў малітоўнік. Крыж і галаўны ўбор забралі выхавацелі".

(Ракіцкі: ) "Якія вэрсіі пра гэта выказваюць навукоўцы?" Гэткае пытаньне я задаў спадарыні Акулевіч у "пакоі прывідаў", дзе ўсё ж мы вырашылі заначаваць…"

(Акулевіч: ) "Упершыню я расказала пра гэтыя выпадкі экскурсіі зь Менску. Адная дзяўчына вельмі сур'ёзна паставілася да гэтае справы і яна запрасіла сваіх сяброў з Акадэміі навук. Тыя прыхапілі якіясьці прыборы і вось, калі яны падыйшлі да гэтага пакойчыка, дык прыбор вымярэньня электрамагнітных хваляў вельмі страшна закруціла. А вось гэты стол стаяў у цэнтры, дзе прыбор проста зашкаліла, менавіта тут знайшлі вельмі моцную энэргетычную "пляму". Навукоўцы сказалі, што знаходзіцца ў такім моцным выпраменьваньні да чатырох гадзінаў нават на карысьць здароўю — у гэтым фоне стымулюецца арганізм. Калі ж знаходзіцца доўга ў гэтай "пляме", дык фон узьдзейнічае на падкорку галаўнога мозга й пачынаюцца галюцынацыі. Паходжаньне гэтае "плямы" невядомае".

(Ракіцкі: ) "Калі пачало цямнець, мы паставілі свае ложкі акурат ля гэтае "плямы". Падрыхтавалі дыктафоны, каб, калі што адбудзецца, паспрабаваць запісаць гукі. Моўчкі ляглі й пачалі чакаць. Кожны — Ягор і я — па-свойму, паасобку, адчулі гэтую ноч…

Ураніцу маўчалі, пакуль не прыйшла гаспадыня і наш гід, Часлава Акулевіч…"

(Акулевіч: ) "Добрае раніцы! Жывыя?"

(Ракіцкі: ) "Жывыя!"

(Акулевіч: ) "Што-небудзь бачылі?"

(Ракіцкі: ) "Я, шчыра кажучы, спаў вельмі моцна, так, як даўно ўжо ня спаў. Прачнуўся вельмі рана й крыху быў расчараваны, што нічога ня бачыў. Можа, ўсё й праспаў. А, дарэчы, Ягор, Ты не размаўляеш у сьне?"

(Маёрчык: ) "Не".

(Ракіцкі: ) "Адзінае, што я чуў, — гэта тое, што Ты нібыта размаўляў, але гаварыў ня словамі, а асэнсаванымі гукамі, быццам зь кімсьці кантактаваў. Ці магчымае гэта?"

(Маёрчык: ) "Наўрадці. А 2-й гадзіне ўначы я пачуў 6 крокаў, яны былі незвычайнымі, і я ня думаю, што гэта быў вартаўнік. Гук крокаў быў чутны чамусьці зьверху, а не з падлогі. Было такое ўражаньне, што крочыць нага сярэдніх памераў, і склалася такое ўражаньне, што яна была мокрая. Тое самае я пачуў а 4-й гадзіне ўначы, але было толькі 3 крокі.

Самае цікавае пачало адбывацца далей. Я перавярнуўся на бок і так сталася, што ляжаў сьпінаю да гэтае знакамітае "плямы", ад якое ідуць магнітныя выпраменьваньні. Раптам я адчуў, як нібыта згустак энэргіі дакрануўся да маёй левае шчакі. Прычым, цікава, што паверх коўдры, акрамя твару, ляжалі мае рукі й плечы. Энэргію, аднак, я адчуў выключна на твары.

Я расьплюшчыў вочы, зірнуў на столь, паглядзеў па ўсім пакоі, але нічога не заўважыў. Перавярнуўся і глядзеў у столь. І тут нешта дзіўнае пачало адбывацца з маёй левай часткаю твару. Я адчуў прыемны боль ад, нібыта, сотні, а мо й тысячы маленькіх іголачак, што паколвалі. Гэта доўжылася хвілінаў 10–15".

(Ракіцкі: ) "Але чаму Ягор не паклікаў мяне? Аказалася, што ў яго здранцьвела цела. Ён спрабаваў крыкнуць, але ня мог. Напэўна, тыя гукі, што я чуў у начы, былі спробамі Ягора закантактаваць са мною…"

(Акулевіч: ) "А мне здаецца, што цябе, Ягор, хтосьці пагладзіў па тваёй левай шчацэ, і, магчыма, гэта была Белая Дама".

(Маёрчык: ) "Але чаму я яе ня бачыў?"

(Акулевіч: ) "Пабачыць яе цяжка. Тым ня менш, я лічу, што яна пяшчотна абыйшлася з Вамі".

(Маёрчык: ) "Шмат людзей могуць сказаць, што яны былі страшэнна напужаныя гэтай Дамаю і скрыпам падлогі. Як Вы лічыце, чаму гэтая Дама так пяшчотна абыйшлася менавіта са мною?"

(Акулевіч: ) "Напэўна, гэта залежыць ад чалавека, ад ягонай аўры. Магчыма, таму, што Вы сябе адчувалі камфортна, Вы былі не адныя. А магчыма, яшчэ й таму, што нашая Дама нікому ня робіць зла. Проста людзі баяцца чагосьці незвычайнага. Узьдзеяньні гэтага пакою не нэгатыўныя.

Дзесьці гады 3-4 таму двое выкладчыкаў з Жодзінскага ліцэю вельмі прасіліся пераначаваць. Мы пакінулі іх. Пасьля я папрасіла іх апісаць уласныя адчуваньні. Назаўтра я прыходжу, а гэты пакойчык усеяны накідамі, вельмі прыгожымі, я б сказала, касьмічнымі. Адзін з гасьцёў быў мастаком. Ён казаў, што касьмічная тэма яго ня вельмі цікавіла, але чамусьці пацягнула на "космас".

Акрамя гэтага, ён напісаў яшчэ верш на выдатнай беларускай мове, хоць ёй ня вельмі ўдала валодаў: Па блакітнаму зыбкаму полю,
Дзе зарніцы пяюць пасьля сна,
Ты шукаеш шчасьлівую долю,
А знаходзіш кавалак жыцьця.

Не кідай той кавалак у пекла,
Не саромся яго прынясьці,
Дзе ўтульна і чыста, і сьветла,
Дзе анёлаў гучаць галасы.

(Акулевіч: ) "Прайшоў час і раптам, у гэтым годзе, завіталі да нас гэтыя два хлопцы і расказваюць, што тут такая творчая атмасфэра, так добра працавалася…

А якраз у гэты дзень адная з нашых новых вартаўніцаў, якая раней казала: "Трэба часьцей хадзіць у храм і тады ніякіх прывідаў ня будзе", раптам здалася й прызналася, што ў гэтую ноч бачыла прывід у выстаўнай залі. Яна крыху задрамала й раптам чуе — ідзе натоўп людзей. Яны праходзяць за яе сьпіною і ў кожнага свой крок. Яна яго адчувае, але ня бачыць. Яна разумее, што яна вартаўніца, праўда, не разумее на якой мове яны размаўляюць, ёй цяжка, але раптам чыесьці рукі кладуцца на ейныя плечы. Яна падымае галаву, аглядаецца… І нікога не заўважае. Толькі рэхам у вушах чутны крокі невядомага натоўпу, якія аддаляюцца.

…Прыяжджаюць гэтыя хлопцы і мне прызнаюцца, што зь імі здарылася тое самае, што я пачула сёньня ад вартаўніцы. А адзін расказвае, што яго хтосьці ўзяў на рукі (і ён сам быццам невялічкага росту) і пачаў яго калыхаць".

(Ракіцкі: ) "Спадарыня Часлава, дзякуй Вам вялікі за Вашыя расповеды, дзякуй за гасьціннасьць — гэтую ноч, натуральна, мы будзем памятаць. А нашым слухачом скажам, што іхная справа — верыць ці не. Але, напэўна, чалавек уразьлівы, эмацыйны, чалавек, які заўважае шмат чаго незвычайнага ў жыцьці, мае права й на такую веру. Тым больш, што гэта зьвязанае з нашай неабжытаю спадчынаю.

XS
SM
MD
LG