Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы". Падаем кароткі агляд газэты.

Паветраныя шары ўзносяць у неба бел-чырвона-белы сцяг. Гэты здымак, які адкрывае чарговы нумар "Рабочага", – напамін пра нядаўні Марш Свабоды. Яго хада, прамовы ўдзельнікаў – тэма спэцыяльнага рэпартажу нумару.

Побач зьмешчаная дыяграма: вынік маніторынгу зьместу палітычных навінаў беларускага тэлебачання за жнівень. Аказваецца, што 94 працэнты эфірнага часу ў праграме "Панарама" прысьвечаныя Аляксандру Лукашэнку, ураду, прапрэзыдэнцкім партыям ды іх лідэрам.

Разьдзел "Маё права" зараз расказвае пра падзеі, якія засталіся па-за ўвагай дзяржаўнага друку. Вось, напрыклад, напад банды гопнікаў-фашыстоўцаў на ўдзельнікаў акцыі "Вольныя танцы" у Менску (мяркуючы па ўсім, рыхтаваўся напад раней, на кожнага студэнта прыходзілася па 8-10 гопнікаў, білі пад абыякавымі поглядамі міліцыянтаў).

Газэта "Рабочы" піша пра працэс над сынам вядомага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага ў Магілёве, які зараз усе больш уяўляецца надуманым.

Алкагалізм і ўспышка венэрычных захворваньняў у сучаснай Беларусі – вось некаторыя з тэмаў спэцвыпуску "Здароўе", які таксама прапануе чытачам гэты нумар "Рабочага".

Адзначым матэрыял пад назовам: "Цягнік дэмакратыі: прыпынак "Бялград", наступны – "Менск"?"; на просьбу "Рабочага" падзеі ў Югаславіі камэнтуюць некаторыя з лідэраў беларускай апазыцыі.

Працягвае газэта знаёміць чытачоў і з малавядомымі старонкамі нашага мінулага: публікацыя "Трэцяя сіла" расказвае пра эсэраўскі партызанскі рух у Беларусі ў часе грамадзянскай вайны, а чарговая старонка "Беларускага календара" нагадвае імя славутага фотамайстра пачатку стагодзьдзя Яна Булгака.

Гэта быў агляд чарговага нумару газеты "Рабочы". Кожны, хто хоча атрымлiваць яе рэгулярна , можа аформiць падпiску ў аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай арганiзацыi свабодных прафсаюзаў. Яшчэ адзін варыянт для менчукоў – падпіска праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб'ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газэту "Рабочы". Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар кiёска, празь якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс газеты "Рабочы" — 63437.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG