Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


(эфір 2 кастрычніка)
Вынікі выбараў у Югаславіі, што адбыліся ў пазамінулую нядзелю, не прынесьлі канчатковай палітычнай перамогі ні ўладзе, ні апазыцыі. Магчымае разгортваньне падзеяў і высновы для Беларусі абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Паводле афіцыйных вынікаў, абвешчаных кантраляваным уладаю Цэнтрвыбаркамам, ані Мілошавіч, ані кандыдат апазыцыі Каштуніца не небралі большасьці галасоў выбаршчыкаў, і таму 8 кастрычніка адбудзецца другі тур. Паводле звестак апазыцыі, яе кандыдат атрымаў перамогу ўжо у першым туры, Каштуніца адмовіўся браць удзел ў другім туры, па закліку апазыцыі ў Югаславіі пачаліся масавыя выступы і забастоўкі. Барацьба з юрыдычных формаў перайшла ў форму прамога палітычнага супрацьстаяньня. Як могуць разгортвацца падзеі ў Югаславіі, якую ролю можа адыграць міжнародная супольнасьць, і урэшце – якія высновы з цяперашняй югаслаўскай крызы могуць быць карыснымі для Беларусі?

(Навумчык: ) "Чым, на Ваш погляд, можа вырашыцца югаслаўскі крызіс, якія фактары найбольш істотна уплываюць на разьвіццё падзеяў?"

(Дракахруст: ) "Югаслаўская апазыцыя знаходзіцца ў парадаксальнай сытуацыі – яна мусіць выйграць выйграныя выбары. Гэтая сытуацыя падцьвярджае тое, што палітыка і вогулле, а ў дыктатарскіх краінах – асабліва, ня зводзіцца да барацьбы ў юрыдычных межах. Прыгадаем наш беларускі досьвед – рэфэрэндум 1996 году. Так, Лукашэнка парушыў закон, парушыў Канстытуцыю, зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот, але палітычна ён атрымаў перамогу. Да 24 лістападу – дня рэфэрэндуму, большасць Вярхоўнага Савету была супраць Лукашэнкі, а пасьля 24 лістападу большасьць стала на яго баку. Але усім было зразумела, што 24 лістападу адбылося сфальсіфікаванае галасаваньне. Аднак разам з гэтым галасаваннем адбылася зьмена грамадзскіх настрояў, у тых, хто браў удзел у гэтым супрацьстаянні, узьнікла адчуванне, што Лукашэнка перамог. І ён сапраўды перамог".

(Навумчык: ) "Вы лічыце, што ў Югаславіі адбываецца такая ж зьмена грамадзкіх настрояў?"

(Дракахруст: ) "Менавіта так. Гішпанская газэта El Pais вельмі трапна напісала ў сёньняшнім артыкуле, што апазыцыя ў Югаславіі адчула, што зьмяніўся "палітычны вецер". Зьмяніліся ці змяняюцца ці могуць зьмяніцца настроі ў югаслаўскім грамадзтве. У дадзеным выпадку вынік выбараў, які аспрэчваецца бакамі, ёсьць штуршок да ўсьведамленьня, што Мілошавіч праіграў. Хаця, на мой погляд, зараз апазыцыя пайшла на даволі рызыкоўны крок. Сёньняшняя New York Times піша, што паводзіны Мілошавіча зараз будуць вызначацца тым, наколькі шырокім будзе грамадзскі пратэст. Апазыцыя зрабіла стаўку на пратэст".

(Навумчык: ) "Падаецца, што сёньня ён даволі шырокі, апазыцыя заблякавала транспартныя магістралі вакол Бялграду. А што можа быць у пэрспэктыве?"

(Дракахруст: ) "Наконт шырыні – тут можна спаслацца на югаслаўскі досьвед 1996 году. Тады траціна мільёну сэрбаў удзельнічалі ў дэманстрацыях, што працягваліся 3 месяцы, але ж Мілошавіч тады утрымаўся ўва уладзе. Цяжка сказаць, якой павінная быць мяжа, за якой рэжым "пасыплецца". Ірляндзкая газэты Irish Times лічыць, што ключавымі могуць стаць паводзіны спэцслужбаў і войска. Калі справа даходзіць да непасрэднага палітычнага сутыкненьня, то іх пазыцыя аказваецца ключавой. Калі Мілошавіч будзе упэўнены, што войска і спэцслужбы захаваюць яму вернасьць, ён, нягледзячы ні на што, можа паспрабаваць раздавіць апазыцыю, раздавіць пратэст. Калі "пасыплецца" нават сілавая структура, тады гэта будзе яго канчатковай паразаю. Тут можна прыгадаць гістрычны досьвед Ірану, Філіпінаў, Румыніі.

Справа неабавязкова дойдзе да праліцьця крыві. Тая ж New York Times піша, што калі Каштуніца пераканаецца, што пратэсты ня здолеюць адхіліць Мілошавіча ад улады, ён можа пайсьці на другі тур выбараў. Гледзячы па ўсім, за тлом гэтых выступаў пратэсту ўвесь час ідуць перамовы, прычым ня толькі паміж уладай і апазыцыяй, але і паміж уладаю і Захадам, пра магчымыя варыянты. Тут магчымыя кампрамісныя варыянты. Некаторыя людзі з атачэньня Мілошавіча кажуць пра магчымае на працягу года-двух суіснаваньне рэштаў старога рэжыму і новай улады.

Гледзячы па ўсім, Мілошавіч зараз упарта спрабуе раскалоць апазыцыю. Ён выкарыстоўвае і "бізун", пагражаючы развязаць грамадзянскую вайну, калі апазыцыя будзе дамагацца поўнай перамогі, і "пернік" – адразу ж пасьля першага тура выбараў Мілошавіч прапанаваў апазыцыі пасаду прэм'ера Югаславіі".

(Навумчык: ) "Даўгі час Расея была галоўным апірышчам Мілошавіча ў зьнешняй палітыцы. У нядзелю заходнія тэлеканалы пачыналі свае перадачы паведамленьнямі, што Масква салідарная з пазыцыяй Захаду ў прызнаньні перамогі Каштуніцы. Але міністар замежных справаў РФ Іваноў заяўляе, што гэта – унутраная справа Югаславіі. Як бы Вы патлумачылі стаўленне Расеі?"

(Дракахруст: ) "Маскве відавочна, што сыход Мілошавіча зробіць расейска-югаслаўскія адносіны больш прахалоднымі. Такім адданым інтарэсам Расеі, якім быў Мілошавіч, Каштуніца ня будзе. Зараз ён выказваецца і супраць ЗША, і супраць Захаду, але усё ж такі накірунак яго палітыкі – гэта інтэграцыя Югаславіі ў Эўропу. І падтрымаўшы зараз Каштуніцу, Расея можа сваімі рукамі зьнішчыць свой уплыў на Балканах, згубіць там апошняга саюзьніка. Але калі ўсё ж такі пераможа Каштуніца насуперак Маскве, насуперак москоўскай падтрымцы Мілошавіча, то адносіны новага Бялграду і Масквы будуць не прахалоднымі, а варожымі. Зараз расейскія палітыкі і аналітыкі спрабуюць вельмі дакладна узважыць, пры якіх паводзінах яны выйграюць больш".

(Навумчык: ) "Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што Масква можа даць прытулак Мілошавічу. Пры пэўных абставінах і для Югаславіі, і для Захаду гэта быў бы ня самы горшы варыянт. Непрывабны ён толькі для самой Расеі. Падчас Маршу Свабоды ў Менску прагучала, што Мілошавіч зьбіраецца прасіць прытулку ў Беларусі. Ці не падаецца Вам, што як гэта ня дзіўна, прыезд Мілошавіча быў бы выгодны антылукашэнкаўскай апазывцыі, бо Менск ў такім выпадку апынуўся б у цэнтры непараўнаўча большай увагі міжнароднай супольнасці?"

(Дракахруст: ) "Я нагадаю, што пасьля завяршэння НАТАўскай апэрацыі ў Югаславіі летам мінулага году Лукашэнка адкрыта заяўляў, што калі Мілошавіч папросіць палітычнага прытулку, ён яго яму прадаставіць. Час зараз іншы, але прапанова была зробленая яшчэ тады. Мілошавіч ў Масквые – гэта сапраўды ня лепшы варыянт для Масквы. А калі ён патрапіць у Менск, то з Масквы будуць "взяткі гладкі" – гэта усё ж такі іншая дзяржава.

З аднаго боку, да Беларусі будзе тады пастаянная увага, як да краіны, якая ўтрымлівае былога дыктатара, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах. Псыхалягічна абвінавачаньні ў ваенных злачынствах на адрас Мілошавіча будуць перанесеныя і на Беларусь. Безумоўна, тады міжнародная ізаляцыя афіцыйнага Менску яшчэ больш паглыбіцца. Але здругога боку, калі Лукашэнка гэта зробіць, ён адсячэ сабе вельмі шмат магчымасьцяў для манэўру. Яму ужо немагчыма будзе наладжваць адносіны з Захадам, бо першым патрабаваньнем Захаду будзе выдаць Мілошавіча. А дыктатар, прыціснуты да сьценкі, гатовы на ўсё".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG