Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

"Размоваў пра магчымасьць наданьня Мілошавічу прытулку ў Беларусі не вялося, не вядзецца і ня будзе весьціся", — гэтак катэгарычна заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Мікола Чаргінец, старшыня міжнароднае камісіі "Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу".

Афіцыйны Менск па-ранейшаму працягвае вельмі асьцярожна камэнтаваць сытуацыю ў Югаславіі. Хаця сымпатыі беларускага кіраўніцтва да Слабадана Мілошавіча відавочныя, пасьля першага тура югаслаўскіх выбараў ніхто з высокіх службовых асобаў Беларусі ня выказаў сваёй падтрымкі кандыдату ў прэзыдэнты Мілошавічу…

Гэткую ж абачлівасьць выявіў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі Мікола Чаргінец, старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі "Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу". Чаргінец быў назіральнікам у Югаславіі пад час першага туру выбараў, і каля гадзіны распавядаў журналістам пра тое, што выбары прайшлі цалкам вольна й дэмакратычна.

Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне Беларусі да цяперашняе югаслаўскае сытуацыі, Чаргінец падкрэсьліў, што пазыцыя можа быць толькі адна — дачакацца афіцыйных дадзеных вынікаў выбараў. Беларусь ня ўмешваецца ў югаслаўскія ўнутраныя справы й не паўтарае, на думку Чаргінца, памылак некаторых заходніх палітыкаў, якія ўжо аб'явілі пераможцам Ваіслава Каштуніцу.

Адказваючы на пытаньне вашага карэспандэнта пра ідэю віцэ-сьпікера расейскае Думы Барыса Нямцова прадаставіць Слабадану Мілошавічу палітычны прытулак у Менску, Мікола Чаргінец відавочна ажывіўся. Ён прыпомніў Нямцову знакамітую гісторыю зь белымі штанамі, заявіўшы, што пасьля "белых штаноў" той можа сказаць любую чорную думку. Чаргінец таксама заявіў, што раскідвацца такімі словамі — ўсё роўна што пляваць у калодзеж…

На маю ж настойлівую просьбу адказаць па сутнасьці, Чаргінец цьвёрда заявіў, што "размоваў пра магчымасьць наданьня Мілошавічу прытулку ў Беларусі не вялося, не вядзецца й ня будзе весьціся".

Сёньня ж сваю прэсавую канфэрэнцыю правёў новы надзвычайны й паўнамоцны пасол Югаславіі ў Беларусі Міларад Радзевіч. Уступнае слова амбасадара доўжылася амаль гадзіну. У адрозьненьне ад амбасадараў іншых краінаў, якія звычайна ніколі не выказваюць сваіх ацэнак з нагоды ўнутрыпалітычнае сытуацыі ў сваіх краінах, спадар Радзевіч дазволіў сабе крытычныя заўвагі на адрэсу апошніх акцыяў югаслаўскай апазыцыі.

"Цярпеньне не бясконцае — можна стаміцца ад таго, што не даюць нармальна працаваць, дабірацца на працу, ствараюць перашкоды ў звычайным побытавым жыцьці. Мне незразумела, чаму пры перавазе ў 10 адсоткаў Каштуніца ня йдзе ў другі тур выбараў, каб стаць законным прэзыдэнтам?", — гаварыў амбасадар Югаславіі ў Беларусі Міраслаў Радзевіч, які толькі ўчора ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.

Цяжка сказаць, наколькі ўтульна і ўпэўнена будзе адчуваць сябе спадар пасол пасьля вельмі магчымае перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыйнага кандыдата…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG