Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Сёлета ў Беларусі атрыманы неблагі ўраджай. Напрыклад, збожжа сабрана каля 5,3 мільёна тонаў. Параўнаўча добры вынік дазваляе ўладам адмовіцца ад рэфармаваньня сельскае гаспадаркі.

Як паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Аляксандар Папкоў, сёлета ўраджайнасьць збожжавых у сярэднім па Беларусі склала 23 цэнтнэры з гэктару. Валавы збор збожжа вырас на два мільёны тонаў у параўнаньні зь мінулым годам і дасягнуў 5,3 млн тонаў. Бульбы будзе ўбрана каля 8,5 млн тонаў, гародніны й садавіны таксама больш, чым плянавалася.

Тым ня менш, Беларусі давядзецца купіць каля паўмільёна тонаў харчовае пшаніцы й пэўную колькасьць фуражу. У адрозьненьне ад мінулага году, удалося забясьпечыць амаль цалкам і патрэбу жывёлагадоўлі ў кармах.

Вынікі спрыяльнага году і дазвалюць ураду Беларусі настойваць на захаваньні калгасна-саўгаснага ладу. Віцэ-прэм'ер Аляксандар Папкоў заяўляе, што фэрмэрскія гападаркі вырабляюць меней як адзін адсотак валавае прадукцыі, і таму ня могуць лічыцца карміцелямі краіны. Урад нават не сьпяшаецца прыводзіць калгасную сыстэму ў адпаведнасьць з новым Грамадзянскім кодэксам, які не прадугледжвае калектыўнае формы ўласнасьці, і паводле якога ўсе калгасы мусяць быць пераўтвораныя…

Гаворыць віцэ-прэм'ер Аляксандар Папкоў:

(Папкоў: ) "Мы ў першую чаргу прадугледжваем ажыцьцявіць глыбокія пераўтварэньні на макраўзроўні".

Як падкрэсьліў Аляксандар Папкоў, рэфармаваньне, за якое выступае ўрад, мае на ўвазе толькі гэтак званае "вэртыкальнае каапэраваньне", стварэньне фінансава-прамысловых групаў з уваходжаньнем у іх гаспадарак, камбікормавых заводаў, жывёлагадоўчых комплексаў ды фірмовага гандлю.

Разам з тым Аляксандар Папкоў прызнаў, што якасьць беларускіх прадуктаў пакуль што нізкая, а кошты — высокія.

XS
SM
MD
LG