Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адбылося чарговае паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Галоўнай тэмаю абмеркаваньня стала палітычная атмасфэра ў Беларусі напярэдадні выбараў 15 кастрычніка. Сёньня таксама стала вядома, што 12 кастрычніка ў Беларусь прыедзе гэтак званая "эўрапейская тройка" на чале зь дзейным старшынём АБСЭ Адрыянам Севярынам.

Удзельнікі Кансультацыйнае рады паінфармавалі кіраўніцтва менскае групы АБСЭ і сябраў групы тэхнічнае ацэнкі Бюро правоў чалавека пра апошнія факты рэпрэсіяў уладаў супраць апазыцыі, супраць ўдзельнікаў "Маршу Свабоды" й кампаніі байкоту выбараў. На думку лідэраў апазыцыі, напярэдадні выбараў улады стварылі ў краіне атмасфэру страху й рэпрэсіяў і ў такіх варунках, на іхную думку, свабодны выбар народу проста немагчымы. Прадстаўнікі місіі АБСЭ будуць адсочваць кожнае парушэньне ўладамі правоў чалавека і інфармаваць пра гэта сваё кіраўніцтва.

Паводле словаў лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, бальшыня ўдзельнікаў Кансультацыйнае рады выказалі меркаваньне што "Марш Свабоды" ў Менску прайшоў даволі ўдала, хаця, напрыклад, Станіслаў Шушкевіч лічыць, што гэтая акцыя магла б быць больш масавай, але не зусім ўдала была праведзеная агітацыйная кампанія напярэдадні "Маршу".

Досыць вялікія спрэчкі сярод сяброў рады выклікала нядаўняя заява КХП БНФ, у якой кіраўніцтва гэтай партыі абвінаваціла КНГ АБСЭ ў спрыяньні спробам беларускіх уладаў стварыць ілюзію дэмакратычнае сытуацыі напярэдадні выбараў. Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што стварэньню гэтай ілюзіі спрыяе і ўдзел часткі апазыцыі ў перадвыбарчай кампаніі, і байкатаваньне выбараў іншай часткаю апазыцыі. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Дазваляецца байкатаваць ці не байкатаваць выбары. Паглядзіце, адны палітыкі ўдзельнічаюць у выбарах, як Калякін, Статкевіч і гэтак далей (ці ў фарсе гэтым), а другія ня ўдзельнічаюць. Тут як бы паказваюць: дазваляецца назіраць за выбарамі; паказваюць: у нас ёсьць свабода, ствараецца такая ілюзія. Гэта стварае падставу для некаторых палітыкаў, у тым ліку і на Захадзе, якія не хаваюць, што яны хочуць легітымізаваць рэжым Лукашэнкі, зрабіць гэта пасьля таго, як выбарчы фарс адбудзецца, і тады гэта будзе велізарная трагедыя для Беларусі".

Паведаміў нашаму Радыё спадар Беленькі.

Аднак гэтую пазыцыю КХП БНФ сёньня асудзілі іншыя сябры Кансультацыйнае рады. На іхную думку, такія паводзіны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі ды іхныя нападкі на групу АБСЭ толькі ствараюць раскол у шэрагах апазыцыі.

Наступнае паседжаньне Кансультацыйнае рады адбудзецца 13 кастрычніка. Мяркуецца, што на ім будуць прысутнічаць старшыня АБСЭ Адрыян Севярын, дакладчык у пытаньні Беларусі Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрэндт, прадстаўнікі Эўрапарлямэнту Ян Віерсма, Элізабэт Шродтэр ды іншыя асобы. Мэта іхнага візыту ў Беларусь — пераканацца, наколькі дэмакратычна будуць праходзіць выбары 15 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG