Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 кастрычнiка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адмысловым распараджэньнем Лукашэнкі канфіскаваная маёмасьць былое старшыні Нацбанку Тамары Віньнікавай. Гэтае распараджэньне датаванае лістападам мінулага году, але пракуратура паведаміла пра гэта сваякам Віньнікавай толькі цяпер.

Пра тое, што Тамара Віньнікава можа стаць адной зь першых ахвяраў 40-га ўказу Аляксадра Лукашэнкі пра магчымасьць пазасудовае канфіскацыі маёмасьці, абаронцы былое старшыні Нацыянальнага банку казалі яшчэ летась. Але, здавалася, прагнозы ня спраўдзіліся. Пракуратура прымала захады, каб Тамару Віньнікаву ўлады Вялікай Брытаніі выдалі, як падазраваную ў злачынстве, а пра канфіскацыю ейнае маёмасьці нічога не паведамляла.

І вось ўчора да сьледчага Пятра Рэдзькі быў выкліканы сын Тамары Віньнікавай Сяргей, які жыве ў Менску. Яго азнаёмілі з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі пра канфіскацыю маёмасьці Тамары Віньнікавай на падставе 40-га ўказу. Але самае ашаламляльнае для Сяргея было тое, што распараджэньне было падпісанае Лукашэнкам яшчэ летась 29 лістапада.

Сын банкіркі, аднак, не выключае, што насамрэч канфіскацыю распачалі толькі цяпер, калі марнымі аказаліся спробы беларускіх уладаў дамагчыся выдачы Тамары Віньнікавай:

"Я так мяркую, яны заднім чыслом гэта зрабілі. Нават у пракуратуры, я думаю, яны толькі тыдзень як бачаць гэты дакумэнт", — падзяліўся Сяргей Віньнікаў з радыё Свабода сваімі здагадкамі.

Тамара Віньнікава, зь якой мне ўдалося сёньня зьвязацца па тэлефоне, заявіла, што ўжо ведае пра канфіскацыю маёмасьці. Сёньня раніцай яна мела тэлефонную размову са сьледчым Пятром Рэдзькам, які, паводле ейных словаў, пацьвердзіў, што распараджэньне пра канфіскацыю было падпісана, сапраўды, яшчэ ў лістападзе. Гэтаму былая галоўная банкірка краіны таксама ня верыць.

Увогуле, тое, што адбылося, яна расцаніла як праўнае самаўладзтва, падобнае на падзеі 30-х гадоў, калі спачатку забіралі без суду маёмасьць, а потым расстрэльвалі:

"За гэта праўнае бязьмежжа адказныя прэзыдэнт і парлямэнт, бо ў нас жа народаўладзьдзе ў краіне, уладу народа прадстаўляюць менавіта прэзыдэнт і парлямэнт, і яны за ўсё адказныя", — казала Тамара Віньнікава.

Паводле яе, дакумэнт, які бачыў яе сын, цалкам незаконны, бо ў ім выкладзеныя абвінавачваньні, якія нават не прад'яўляліся Віньнікавай, калі яна знаходзілася ў турме. У выніку яна параўнала дзейнасьць беларускіх ўладаў зь дзейнасьцю бандытаў, якія кідаюць чалавека за краты, каб авалодаць ягонай кватэраю…

(Віньнікава: ) "Гэта – новая форма рэкецірскага абмену жытла: чалавека на нары, а жытло можна забраць…"

Паводле Тамары й Сяргея Віньнікавых, у пералік канфіскаванае маёмасьці ўвайшлі кватэра на вуліцы Адзінцова ў Менску, дзе жыла банкірка да свайго зьнікненьня ўвесну 1999 году, мэбля, малюнкі, каштоўнасьці, бібліятэка й грашовы рахунак. Усяго прыблізна на 50-60 тысячаў даляраў. Аднак невядома, у якую суму ацаніла гэтую маёмасьць дзяржава. Тамара Віньнікава заявіла, што зьбіраецца праз суд абскардзіць рашэньне пра канфіскацыю маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG