Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 кастрычнiка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Вышэйшая Рада Лібэральна-Дэмакратычнае партыі прыняла рашэньне завяршыць удзел у выбарчай кампаніі 16 кастрычніка ды зьняць усіх сваіх кандыдатаў, што пройдуць у другі тур.

Вышэйшая Рада Лібэральна-Дэмакратычнае партыі ўпэўненая, што вынікі выбараў у "Палату прадстаўнікоў" загадзя вядомыя — што яны будуць сфальшаваныя на карысьць кандыдатаў ад улады. Таму ЛДПБ і прыняла рашэньне адклікаць сваіх кандыдатаў адразу пасьля першага туру галасаваньня. Гэта, натуральна, датычыць тых кандыдатаў, якія пройдуць у другі тур.

Гаворыць лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч:

(Гайдукевіч:) "Мы адыходзім з 16-га, значыць, мы правядзем усю кампанію – ілжэ-кампанія ўся будзе паказаная дасканальна дакумэнтальна. Альбо – што для мяне як фантастыка – улада павінна ў акругах спыніць фальсыфікацыю".

Сяргей Гайдукевіч не хавае, што ў пэўным сэнсе гэта — і тактычны ход ягонае партыі, каб неяк паўплываць на ўладу, прымусіць яе падумаць, у якіх маштабах праводзіць фальшаваньне…

(Гайдукевіч:) "Мы спадзяемся на тое, што мы зможам людзям данесьці. І ці зможа цяпер выканаўчая вэртыкаль, ці настолькі яна моцная, каб ва ўсіх акругах здолець зрабіць фальсыфікацыю? Вось тут мы ім бой дамо, па поўнай праграме."

Важны вынік свайго ўдзелу ў гэтай кампаніі лібэрал-дэмакраты бачаць у тым, каб правесьці маніторынг парушэньняў і паведаміць пра іх міжнародным назіральнікам. У ЛДПБ для гэтага дастаткова сяброў. Гэтая партыя вылучае на выбарчыя ўчасткі, паводле словаў спадара Гайдукевіча, 23.800 назіральнікаў.

Лідэр іншай апазыцыйнае партыі, што бярэ ўдзел у выбарах — ПКБ, Сяргей Калякін, гаворыць толькі пра 3.000 назіральнікаў ад сваёй партыі. Сяргей Калякін таксама зазначае, што кандыдаты ад улады пад час агітацыі маюць перавагу:

(Калякін:) "Па вялікім рахунку, улада спрабуе правесьці сваіх, таму, дзе магчыма, перашкаджаюць, тармозяць, не дапускаюць. Але ў цэлым я б не сказаў, што ёсьць нейкія надзвычайныя сытуацыі і праблемы", — сказаў далей Сяргей Калякін. — "Ніякага напалу эмоцыяў няма, нейкі вялы працэс. Я ня бачу, каб у СМІ людзей настройвалі на тое, што трэба йсьці галасаваць. Гэтая кволая кампанія на ўзроўні, напэўна, таго, што адбывалася ў часе выбарчае кампаніі ў мясцовыя саветы", — адзначыў Сяргей Калякін.

Сяргей Гайдукевіч ды многія іншыя ўдзельнікі гэтае кампаніі згодныя з падобным меркаваньнем.

XS
SM
MD
LG