Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 кастрычнiка 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Прадстаўнікі палітычных партыяў і беспартыйныя грамадзяне сямі гарадоў Гомельскай вобласьці замовілі на 8-га кастрычніка акцыі пратэсту "Байкот-2000".

Мітынгі афіцыйна дазволеныя толькі ў чатырох гарадох: Гомлі, Рэчыцы, Мазыры і Жлобіне. Пры гэтым мяйсцовыя ўлады нідзе не пагадзіліся даць дазвол на правядзеньне акцыяў пратэсту ў людных мейсцах – там, дзе яны замаўляліся.

У Мазыры, напрыклад, намесьніца старшыні гарадзкога выканкаму Любоў Абрамава прапанавала прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай партыі і БНФ Леаніду Арлову і Юрасю Чаранкову правесьці мітынг не ля палацу нафтавікоў, а на аддаленым стадыёне "Спартак", дзе гараджане бываюць даволі рэдка. Натуральна, што на бязьлюдным стадыёне патлумачыць сваю пазыцыю адносна выбараў у так званую палату прадстаўнікоў немагчыма. Таму спадары Арлоў і Чаранкоў адмовіліся ад такога дазволу.

Далей ад цэнтру прапанавалі гарадзкія ўлады апазыцыі праводзіць мітынгі й пікеты ў Гомелі, Рэчыцы і Жлобіне. У Буда-Кашалёве райвыканкам раіць жыхарам перапісаць замову і папрасіць дазвол на мітынг не на цэнтральным пляцы, а зноў-ткі – на стадыёне.

А вось у Рагачове й Сьветлагорску ўлады наогул забаранілі 8-га кастрычніка праводзіць любыя масавыя акцыі ў сувязі з маючымі адбыцца выбарамі. Прадстаўнік Рагачоўскай суполкі АГП Уладзімір Тамковіч распавёў, што намесьніца старшыні райвыканкаму Рыма Ястрэмбская патлумачыла адмову тым, што выканкаму вядомая пазыцыя "аб'яднаных грамадзянаў" адносна выбараў і праграмаў кандыдатаў. Пазыцыя гэтая, паводле словаў Ястрэмбскай, неправамерная і незаконная. Таму выканкам і адмаўляе ў правядзеньні мітынгу. А каб апазыцыя не ўчыніла несанкцыяваны мітынг, на пляцы перад выканкамам у нядзелю ўладныя чыноўнікі вырашылі правесьці конкурс дзіцячага малюнку на асфальце.

Не дазволілі ўлады правесьці мітынг і ў Сьветлагорску.

Нягледзячы на адмову, апазыцыя не зьбіраецца "спаць у шапку."
Распавядае старшыня абласной рады БНФ Віктар Раманішка:

"Па-першае, мы падамо ў суд. Мы лічым, што гэта неправамерная адмова, таму што мы маем права выказаць сваю думку ў адносінах да любага воргана. Гэта нашае канстытуцыйнае права, наколькі я разумею. А па-другое, мы, я думаю, выставім пікеты і будзем інфармаваць людзей 8-га кастрычніка."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG