Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аб'яднаная апазыцыя плянуе правесьці 8 кастрычніка акцыі пратэсту ў 23 буйных гарадох Беларусі. Мяркуецца, што гэтыя акцыі стануць сваеасаблівым працягам менскага "Маршу Cвабоды". Распавядае адзін з каардынатараў акцыяў апазыцыі ў рэгіёнах Юры Хадыка.

Восьмага кастрычніка лідэры ўсіх апазыцыйных партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, правядуць у рэгіёнах. На гэты дзень у 23 гарадох Беларусі апазыцыя заплянавала шэраг акцыяў пратэсту супраць выбарчага фарсу, за свабодныя і справядлівыя выбары. Пра тое, як будуць праходзіць гэтыя апазыцыйныя акцыі, распавядае намесьнік старшыні партыі БНФ, прафэсар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "Мэта масавых акцыяў – вывесьці гэтую кампанію па-за межы выключна Менска. У вабласных цэнтрах, а тым больш у раённых гарадох улады больш эфэктыўна супрацьдзейнічаюць арганізацыям масавых акцыяў.

Байкот можа быць пасьпяховым у тым выпадку, калі ў 37 акругах выбары не адбудуцца. Таму і было вырашана, што пасьля акцыі ў Менску 1 кастрычніка мы правядзем масавыя акцыі ў 23 буйнейшых гарадох Беларусі. Я, напрыклад, еду ў Берасьце – верагодней за ўсё, разам з Паўлам Данэйкам з АГП і Станіславам Шушкевічам".

(Кар.: ) "У якіх гарадох улады ўжо далі дазвол на правядзеньне акцыяў 8 кастрычніка?"

(Хадыка: ) "Зь Берасьця мне паведамілі, што ёсьць такі дазвол. Наконт астатніх я ня маю дакладнай інфармацыі, таму што, як звычайна, улады цягнуць да апошняга моманту, а сёньня – апошні дзень, калі можна выдаць гэтыя дазволы".

(Кар.: ) "А калі ўлады не дадуць дазволу на правядзеньне такіх акцыяў – ці будзе апазыцыі праводзіць іх нелегальна?"

(Хадыка: ) "Я думаю, што будзе…"

(Кар.: ) "Гэта будуць маніфэстацыі, мітынгі, ці якаясьці іншая форма мерапрыемстваў?"

(Хадыка: ) "Гэта будзе залежаць ад таго, ёсьць дазвол ці не. Калі ёсьць дазвол, то будуць абавязкова шэсьці і мітынгі. Калі ж дазволу фармальна ня будзе, то магчыма, што толькі мітынг".

(Кар.: ) "А ці будуць, на вашую думку, гэтыя акцыі пасьпяховымі – беручы пад увагу тое, што нядзельны Марш Свабоды ў Менску сабраў ня надта вялікую колькасьць удзельнікаў?"

(Хадыка: ) "Посьпех акцыі не вызначаецца выключна колькасьцяй удзельнікаў. Ён ацэньваецца адпаведнасьцяй вынікаў тым задачам, якія ставіліся. Наша мэта – стварыць спрыяльныя ўмовы для правядзеньня масавых акцыяў у тых гарадох Беларусі, дзе яны да сёньняшняга дня сутыкаліся зь вялікімі цяжкасьцямі. Мы правялі, можна сказаць, амаль узорную акцыю – для таго, каб даць аргумэнты нашым аднадумцам у гарадох Беларусі, каб яны, у сваю чаргу, атрымалі такі дазвол. Таму што людзі ідуць на акцыі ў першую чаргу тады, калі яны ўпэўненыя, што ня будзе міліцыя біцца".

Гэта быў намесьнік старшыні БНФ і адзін з каардынатараў рэгіянальнай акцыі апазыцыі 8 кастрычніка Юры Хадыка.

XS
SM
MD
LG