Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 кастрычнiка 2000 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Паміж Беларусяй і Летувай няма дамовы аб экстрадыцыі. Але на падставе двухбаковай міждзяржаўнай дамовы аб юрыдычнай дапамозе ў грамадзянскіх, крымінальных і сямейных справах, а таксма ў адпаведнасьці з Эўрапейскай канвэнцыяй 1959 году, летувіская пракуратура просіць сваіх калегаў з суседніх краінаў даручыць пэўным асобам позвы на допыт у сьледчых ворганах Летувы. Рэпартаж з Вільні.

У памянёным сьпісе былы камандзёр разьмешчанай тады ў Вільні мотастралковай дывізіі Ўладзімер Усхопчык займае належнае яму месца: танкі гэтай дывізіі ноччу 13 студзеня 1991 году давілі гусеніцамі бязбройных людзей ля тэлевізійнай вежы ў Вільні, а з браневікоў, што езьдзілі па горадзе, разносіліся заклікі да зьвяржэньня законнай улады і аб перамозе "камітэту нацыянальнага выратаваньня".

Пасьля таго, як Усхопчык перабраўся ў Беларусь, Летува неаднойчы выказвала заклапочанасьць тым, што там яму было даручана кіраваць спачатку мота-стралковай дывізіяй, потым корпусам, нарэшце, сёлета ён прызначаны намесьнікамі міністра абароны.

Адказваючы на ноту МЗС Летувы, зьнешнепалітычнае ведамства Беларусі, па-перашае, заявіла, што гэта ўнутраная справа Беларусі, а па-другое, заспакоіла, што Ўсхопчык будзе адказваць у міністэрстве за пытаньні тэхнічнага забесьпячэньня. Дарэчы, гэта апошняе сьцьверджаньне абвяргаецца далейшай хадой падзеяў. Усяго два тыдні таму ў Беларусі скончыліся штабныя вайсковыя манэўры з удзелам 65-га армейскага корпусу і некалькіх брыгадаў хуткага рэагаваньня. Галоўны накірунак дзеяньняў супраць меркаванага праціўніка – паўночны захад, гэта значыць тэрыторыя Летувы – трактуецца ў Вільні, Варшаве, Вашынгтоне як спроба перашкодзіць уступленьню краінаў Балтыі ў НАТО. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што манэўрамі кіраваў Усхопчык, які небеспадстаўна лічыцца спэцыялістам па Летуве.

Зварот Генэральнай пракуратуры Летувы, безумоўна, ёсьць дзеяньнем юрыдычным. Гэта сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода падкрэсьліў прадстаўнік пракуратуры па друку Відмантас Пуцяліс. 27 верасьня Генэральная пракуратура Летувы атрымала адказ ад беларускіх калегаў – маўляў, Уладзімер Усхопчык адмовіўся прыняць позву на допыт. Прэс-аташэ Летувіскай пракуратуры Відмантас Пуцяліс адмовіўся камэнтаваць, ці спадзяюцца ворагны пракуратуры Летувы на яўку абвінавачаных. Звычайна грамадзяне, паводле згаданае дамовы аб прававой дапамозе, іншай дзяржаве не выдаюцца. Справа пакуль знаходзіцца ў стадыі сьледзтва. Таму, маўляў, гутарка пра канкрэтныя даты судовага працэсу над Усхопчыкам і іншымі ня йдзе.

Увесь час падкрэсьлена апэруючы юрыдычнымі катэгорыямі, спадар Пуцяліс згадаў, што як грамадзянін ён лічыць, што законнасьць у рэшце рэш павінна перамагчы.

XS
SM
MD
LG